"Цаніце хрысціянскія каштоўнасці, якія перадалі нам продкі": кс. Мікалай прыняў удзел у мітынгу 3 ліпеня

  • Друкаваць

paradУ Глыбокім святкаванне Дня незалежнасці, 3 ліпеня 2017 года, распачалося з мітынгу ў парку Перамогі, на якім таксама выступіў пробашч парафіі Святой Тройцы у Глыбокім ксёндз Мікалай Ціхановіч.

"Хачу прыпомніць усім прысутным словы Святога Апостала Паўла, які ў Пасланні да Галатаў прыпамінае нам гэтую цудоўную праўду: "Дык стойце ў свабодзе, якой вызваліў нас Хрыстос; і не патрапляйце зноў пад ярмо няволі(...)Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі каб свабоду вы не давалі як падставу [для пажадлівасці] цела, але любоўю духа служыце адзін аднаму". Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, наша краіна, наша мінулае, цяперашняе і будучае залежыць ад таго, як мы выкарыстоўваем дадзеную нам свабоду Богам, як мы выкарыстоўваем гэтую свабоду, за якую пралівалі кроў нашыя продкі, каб наша дзяржава, наша краіна была свабоднай і квітнеючай. Таму заклікаю, каб сённяшняе свята сапраўды было злучанае з нашай верай хрысціянскай, каб мы цанілі гэтыя хрысціянскія каштоўнасці, якія былі перададзены нашымі продкамі і існуюць у нашых сэрцах. Няхай Хрыстос напаўняе нас сваёй ласкай, любоўю, каб мы гэту свабоду, як кажа святы Павел, сапраўды не змарнавалі, але ёй жылі і далей праз гэту свабоду, веру, надзею, любоў будавалі будучыню нашай краіны", - пажадаў кс. Мікалай.

Удзельнікі мітынгу, сярод якіх прысутнічалі ветэраны вайны і працы, усклалі вянкі і кветкі да помнікаў загінуўшым у Другой сусветнай вайне і ў іншых лакальных войнах ХХ стагоддзя.

Пасля гэтага ўсе ўдзельнікі арганізаванай калонай рушылі на Цэнтральную плошчу горада, дзе адбылася асноўная частка ўрачыстасцей.


Леанід Юрык, фота