Віцебскую дыяцэзію на 29 Міжнароднай парафіядзе ў Варшаве прадстаўляла моладзь з Глыбокага
- Падрабязнасці
- Апублікавана 17.07.2017 00:26
У выніку перамогі ў ІІ Парафіядзе дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі ў мінулым годзе, прадстаўнікі глыбоцкай парафіі атрымалі ў падарунак двухтыднёвы адпачынак у Польшчы і ўдзел у 29 Міжнароднай парафіядзе ў Варшаве.
Юныя глыбачане разам з апекунамі дк. Алегам Хмылко і Вікторыяй Лубчонак адпачывалі ў горным горадзе Мушына, што недалёк ад граніцы са Славакіяй. Летнік праходзіў пад дэвізам “Яднае нас Польшча”. У доме адпачынку разам адпачывалі тры групы: Гродна-Дзевятоўка, Глыбокае і Петразаводск (Расія), у агульнай колькасці 53 асобы. Як распавядае дк. Алег, на гэтыя два тыдні была падрыхтаваная адмысловая праграма. Кожны дзень праходзілі заняткі па вывучэнню польскай мовы. Былі розныя экскурсіі, вандроўкі па гораду і за межамі яго. Удзельнікам вельмі запомніўся 10-кіламетровы сплыў на пантонах па мясцовай рацэ, якая працякае па граніцы польска-славацкай.
Падчас летніка праходзілі розныя спартыўныя спаборніцтвы, алімпіяды, мастацкая галерэя з конкурсам малюнкаў і фотаздымкаў, дыскатэкі. Кожны дзень дзеці і моладзь прымалі ўдзел у св. Імшы ў мясцовым касцёле.
8 ліпеня ўся група паехала ў Варшаву, дзе прайшлі рэгістрацыю і пасяліліся ў студэнцкім інтэрнаце. 9 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё 29 Міжнароднай парафіяды на варшаўскіх Сякерках у Санктуарыі Маці Божай Настаўніцы моладзі. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі Марэк Салярчык. “Хочацца адзначыць, што музычнае суправаджэнне было за нашай групай, якая разам адпачывала ў Мушыне, якія спявалі на трох мовах: польскай, беларускай і рускай”, — падкрэсліў дыякан.
З панядзелка распачаліся спаборніцтвы ў трох намінацыях: стадыён, святыня, тэатр. Кожны дзень для ўдзельнікаў распачынаўся святой Імшой, затым адбывалася малітва, сняданне і на працягу дня праходзілі розныя спаборніцтвы.
Кожны дзень перад вячэрай было ўзнагароджванне за спаборніцтвы за бягучы дзень. Узнагароды былі ў трох узроставых катэгорыях, а таксама апекуны паміж сабой спаборнічалі ў розных відах спорта. Чарговы дзень заканчваўся інтэграцыйным вечарам і супольнай малітвай.
Урачыстае закрыццё парафіяды адбылося 16 ліпеня, падчас якой па агульнай суме набраных балаў былі вызначаны дзве лепшыя каманды: Даліна (Украіна) і Ольштын (Польшча). Затым усе удзельнікі Парафіяды прайшлі маршам ад Кампуса да касцёла Провіду Божага, дзе пахаваны а. Юзаф Ёнц SP, заснавальнік Парафіяды. У гэтай святыні адбылася ўрачыстая св. Імша на заканчэнне.
29 Міжнародная парафіяда ў лічбах:
- 8 краін (Беларусь, Расія, Украіна, Славакія, Літва, Латвія, Германія, Польшча),
- 1358 удзельнікаў,
- 55 замежных і 37 польскіх каманд,
- 69 валанцёраў.
Прадстаўнікі Віцебскай дыяцэзіі занялі 5 прызавых месцаў:
- Марыя Іваноўская – 1 месца — стральба (дзяўчаты, сярэдняя ўзроставая катэгорыя);
- Мікіта Лось – 1 месца – летні біятлон;
- Яўген Высоцкі – 2 месца – спартыўнае арыентаванне (сярэдняя ўзроставая катэгорыя);
- Наталля Салодкая – 2 месца – конкурс ведаў на тэму «Юзаф Пілсудскі — напярэдадні 100-й гадавіны незалежнасці»;
- Дк. Алег Хмылко – 2 месца – спартыўнае арыентаванне (апекуны).
Трэба адзначыць, што глыбоцкія хлопцы і дзяўчаты актыўна прымалі ўдзел у розных конкурсах і спаборніцтвах, а калі не займалі прызавыя месцы, то ў 10-ку лепшых уваходзілі і паказвалі добры вынік:
- Антон Тышко – 4 месца – прыжкі і 7 месца – бег 100 метраў (старэйшая ўзроставая катэгорыя);
- Даніла Рудак – 5 месца – кіданне мяча;
- Яна Барысевіч– 6 месца – конкурс ведаў на тэму “Жыццё і дзейнасць Юзафа Каласанса”;
- Яўген Высоцкі – 7 месца – шахматы;
- Аляксандра Малец – 7 месца – спартыўнае арыентаванне (сярэдняя ўзроставая катэгорыя);
- Анастасія Вярэга – 9 месца – спартыўнае арыентаванне (сярэдняя ўзроставая катэгорыя).
Марына Сінкевіч, тэкст
дк. Алег Хмылко, фота
Больш фота можна паглядзець па спасылцы>>










































