"Святар - адзін з найкаштоўнейшых дароў Божай Міласэрнасці": прыміцыйная Імша кс. Алега Хмылко ў Глыбокім

  • Друкаваць

prymicja ks aleha15 кастрычніка 2017 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім прыміцыйную св. Імшу цэлебраваў кс. Алег Хмылко, які тыдзень таму, 7 кастрычніка, атрымаў у гэтым жа касцёле прэзбітэрскае пасвячэнне з рук ксяндза біскупа Алега Буткевіча.

Зусім нядаўна ён быў дыяканам на практыцы, а сёння адправіў першую Літургію ў Глыбокім і маліўся за ўсю нашу парафію ў інтэнцыі падзякі за падтрымку, малітву і дапамогу падчас дыяканскай практыкі і прэзбітэрскага пасвячэння.

Слова да вернікаў і ксяндза-прыміцыянта прамовіў кс. Мікалай Ціхановіч. Пробашч заклікаў карыстацца з паслугі святароў і цытаваў словы св. Яна Марыя Віянэя: "Святар з'яўлецца вялікім дарам для сваіх вернікаў. Святар - адзін з найкаштоўнейшых дароў Божай Міласэрнасці".
Прапануем вашай увазе поўны аўдыёзапіс гаміліі

Шчырыя словы віншавання і ўдзячнасці прагучалі ў адрас прыміцыянта ад дзяцей, моладзі, Легіёну Марыі і прадстаўнікоў парафіі.

Ксёндз пробашч таксама зачытаў дэкрэт біскупа Алега Буткевіча аб прызначэнні кс. Алега вікарыем у нашай парафіі і гук апладысментаў хваляй разліўся па ўсім касцёле.

Пасля св. Імшы новапрэзбітар удзяліў святарам, законным сёстрам і ўсім прысутным вернікам прыміцыйнае бласлаўленне. Падыходзячы да кожнага, кс. Алег ускладаў намашчаныя рукі на галовы парафіянаў. У знак удзячнасці людзі цалавалі яму далоні.

"Усё ў вас няхай робіцца ў любові" (1 Кар 16, 14) - гэтыя словы змешчаны на прыміцыйным абразку маладога святара, які толькі пачынае свой святарскі шлях і вельмі просіць аб малітве.


Больш фота ў суполцы ў ВК>>