2 лістапада. Смерць - гэта не гульня, а рэальнасць
- Падрабязнасці
- Апублікавана 03.11.2017 22:30
У дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў глыбоцкія парафіяне сабраліся на малітву ў капліцы на могілках у Харашках. Перад св. Імшой адбылася малітва Каронкай да Божай Міласэрнасці, каб праз яе шмат душаў змагло вызваліцца з чыстца. У гэты дзень малітва ўзносілася не толькі за памерлых католікаў і тых, хто там пахаваны, але за ўсіх хрысціян, якія верылі і ў Імя Святой Тройцы былі ахрышчаныя.
Падчас Імшы гамілію да прысутных прамовіў кс. Мікалай:
“Маці наша, Касцёл, сёння мабілізуе нас выйсці з нашай штодзённасці, пакінуць месца працы, дом і наведаць могілкі. Для сучасных хрысціян гэта месца становіцца незразумелым, чужым, а для многіх месцам смутку і нецікавасці. На самой справе гэта самае мудрае і прыгожае месца ў свеце. Бо яно насычана сэнсам. Гэта месца ўваскрэсення з мёртвых. Могілкі – гэта месца праверкі чалавека. Гэта крытэрый наколькі працуе твая галава, якое месца займае душа, наколькі ты адэкватны, наколькі ты прабываеш у сапраўднай веры і наколькі Хрыстос для цябе важны.
На жаль, тэма могілак і смерці для многіх ператварылася ў нейкую гульню. Могілкі і прабыванне на іх робіць чалавека іншым. Гэта зямля прасякнутая болем, трагічнымі і радаснымі гісторыямі рэальнасці. Тут на могілках сапраўды можна стаць мудрэйшым.
Смерць - гэта не гульня, а рэальнасць. Вучыце сваіх дзяцей, вадзіце іх на могілкі. Чалавек, які ўглядаецца ў фотаздымкі, надгроббі, пачынае разумець, што смерць - яна ўсюды, гэта твая рэальнасць. На могілках чалавек становіцца пакорным, спакойным.
Нейкі час праведзены на могілках больш карысны, чым час праведзены ў бібліятэцы, пры тэлевізары. Тут такая энцыклапедыя жыцця… Пры кожнай магіле стань, прачытай, падумай! Магільны ландшафт і дух могілак можа многаму нас навучыць і даць нам больш, чым мы думаем.
Сёння асабліва трэба задаць сабе пытанне “як мы адносімся да памерлых?” і задумацца над адказам. Перад смерцю мы ўсе роўныя. Калі б людзі гэта цанілі і разумелі, што на зямлі кожны чалавек прабывае часова, то павага адзін да аднаго была б іншая.
Ёсць дзве прычыны чаму людзі такія абыякавыя да смерці і ад чаго камянее сэрца чалавека: не слухаюць Слова Божага і не ходзяць на могілкі. На могілкі трэба хадзіць пры жыцці і тады смерць будзе для цябе радаснай сустрэчай з Госпадам, а не момантам страху.”
Пасля Эўхарыстыі адбылася працэсія з ружанцовай малітвай па могілках.























