У добры шлях, выпускнікі, са Святым Духам і Божай мудрасцю!
- Падрабязнасці
- Апублікавана 31.05.2018 15:31
30 мая ў глыбоцкіх школах прагучаў апошні званок для адзіннаццацікласнікаў. Ужо стала добрай традыцыяй, калі на ўрачыстую лінейку запрашаюць духавенства. Адміністрацыя другой сярэдняй школы заўсёды запрашае каталіцкага і праваслаўнага святароў, каб скіравалі да выпускнікоў словы настаўлення на далейшы шлях.
Пратаіерэй Міхаіл Ізаітка: «Сёння дзень радасны і крыху сумны. Усе позіркі звернуты да выпускнікоў. Наперадзе іх чакаюць экзамены, тэсты, хваляванне. У гэтыя хвіліны хочацца, каб сэрцы вашыя перапаўняліся ўдзячнасцю бацькам, настаўнікам за тое, што яны хацелі напоўніць вашы сэрцы і душы дабрынёй, цеплынёй і ведамі. Хочацца пажадаць, каб у вас усё атрымалася. За гэтыя гады вас навучылі любіць нашу Глыбоччыну, а царква і касцёл навучылі любіць бліжняга і Бога. Гэта і будзе той духоўны стрыжань, які будзе трымаць усё ваша жыццё»
Кс. Мікалай Ціхановіч: «Сёння сапраўды кожны на сваім узроўні, на сваім этапе адукацыі перажываюць апошні званок. Вы нясеце за сабой пэўны патэнцыял ведаў інтэлектуальных, чалавечых. Вельмі важны, каб мы усе, бацькі, настаўнкікі і дзеці, не забываліся пра самую галоўную каштоўнасць, якую мы прымаем ад сваіх продкаў праз выхаванне бацькоўскае і хрысціянскае. Гэта чалавечая і Божая мудрасць».

Святар пажадаў усім дзецям, настаўнікам, выхаваўцам, каб сцераглі чалавечую Божую мудрасць у сваіх сэрцах, а выпускнікам няхай спадарожнічае Святы Дух, а Божая мудрасць і тое, што яны здабылі сапраўды прынясе адпаведны плён у іх жыцці, каб маглі радавацца плёнам свайго жыцця і сваёй працы.
Пасля ўрачыстых лінеек у школах, адзінаццацікласнікі сабраліся ў касцёлё Святой Тройцы на святую Імшу, каб прасіць бласлаўлення на новы этап у сваім жыцці.
«Заканчэнне навучальнага году, заканчэнне фармацыі ў жыцці вы захацелі перажыць у Божым храме і з Богам. Гэта вельмі важна». Падчас Імшы ватыўнай у гонар Беззаганнага Сэрца Панны Марыі кс. Мікалай разам з кс. Іванам маліліся за выпускнікоў, бацькоў, настаўнікаў і таксама будучых настаўнікаў, якія будуць спадарожнічаць маладым людзям у часы студэнцтва, каб пад апекай Марыі захавалі сваё жыццё ад зла, каб сэрцы былі напоўненыя Божай любоўю і ласкай.
На заканчэнне св. Імшы святары акрапілі святой вадой выпускнікоў і кожныму ўдзялілі адмысловае бласлаўленне, пасля якога бацькі звярнуліся да святароў са шчырымі словамі ўдзячнасці за малітву, прыклад і духоўнае выхаванне дзяцей на працягу многіх гадоў.

Больш фота ў суполцы ВК>>
P.S. Жадаем усім нашым выпускнікам, каб ішлі па жыцці з Богам у сэрцы, памяталі пра Яго любоў і гэту сапраўдную Любоў неслі іншым. Каб ніколі не забывалі пра настаўнікаў, сваіх школьных сяброў і заўсёды, прыязджаючы да бацькоў, наведвалі нашую святыню.







































