15 юбілейная пілігрымка ў Будслаў сабрала 220 пілігрымаў

  • Друкаваць

budslau piligrymka 09Шлях да Будслава распачаўся 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, святой Імшой у святыні. Атрымаўшы сімвалы пілігрыма - бэйдж і спеўнік - калона сфармавалася на пляцы і вырушыла ў шлях. Кіраўнік пілігрымкі кс. Іван Кароткін.

Першы прыпынак - і знаёмства. Кожны ўдзельнік распавёў пра сябе і які раз крочыць у Будслаў. Як аказалася, вельмі многа было і тых, хто ідзе ўпершыню. І сярод іх не толькі дзеці і моладзь, але дарослыя і людзі сталага ўзросту. Напрыканцы першага дня пілігрымавання, калі прыйшлі ў Крулеўшчыну і размясціліся ў школе, нягледзячы на моцную спёку і стомленасць ад першых кіламетраў, вечар быў вельмі насычаным: пантаміма моладзі, малітва, спевы, адарацыя ля крыжа на вуліцы і танцы з гульнямі. 

budslau piligrymka 19

Другі дзень вырушылі ў кірунку Порплішча, дзе нас чакалі св. Імша і абед. У гэты ж дзень да пілігрымаў далучыўся добра вядомы глыбоцкім парафіянам кс. пралат Аляксандр Рагіня, які зараз з'яўляецца часовым павераным Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Чад. Ён жа і ўзначаліў Эўхарыстыю ў касцёле ў Порплішчы.

Цікава і тое, што менавіта ў самай першай пілігрымцы ішоў кс. Аляксандр, будучы глыбоцкім вікарыем, і ў 15-й зноў ідзе, з'яўляючыся адзіным беларусам сярод прадстаўнікоў Папы Францішка ў дыпламатычнай місіі Ватыкана.

budslau 1 piligrymka

Скончыўся другі дзень начлегам у гасцінных парафіян Параф'янава і Сітцаў.

Трэці дзень стаў нечаканым для многіх - раніцай +11 С, моцны вецер і пахмурна. Але нават бацькоў з самымі маленькімі пілігрымамі, якіх у гэтым годзе было многа, гэта не напалохала.

І вось ужо Будслаў, дажджлівы і халодны звонку, але такі ўтульны і цёплы ў сэрцах кожнага пілігрыма, бо менавіта тут ты адчуваш сябе інакш, менавіта тут цябе сустракае Маці з такім лагодным позіркам поўным любові. Нязвыклая пілігрымковая Імша ў касцёле, а не на вуліцы, начная працэсія са знічамі ў руках пад парасонамі і дажджавікамі, начлег у намётавым гарадку самых адважных і гарачая гарбата раніцай - вось некаторыя моманты, якія запамятаюць шматлікія.

budslau piligrymka 33

Разам з вернікамі ў пілігрымцы крочылі ксяндзы Мікалай Ціхановіч, Дзмітрый Рацько (з Празарокаў), Віталь Галец (з Ушачаў) і сёстры францішкнкі Сям'і Марыі Ганна Блышко і Лена Сурвіла, якая, як і ў мінулым годзе, спецыяльна прыляцела з Грузіі ў пілігрымку падчас адпачынку.

budslau piligrymka 36

P.S. Вялікі ДЗЯКУЙ усім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі і добрай арганізацыі, за вашу адказнасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу і проста сямейную атмасферу. За гэтыя дні мы сталі сапраўды вялікай сям'ёй, дзе кожны мужчына быў татам, кожная жанчына - маці, ну а дзеці - заставаліся самі сабой. Глыбоцкія сем'і, якія пілігрымавалі разам з дзеткамі, таты з дачушкамі - вы самыя лепшыя і адважныя!
Маці Божая Будслаўская, маліся за нас і выслухай усе занесеныя да Твайго алтара малітвы-просьбы-падзякі глыбачан!

Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець у суполцы ВК>> і пад хэштэгам #ГлыбокаеБудслау2018