Шлях да Валадаркі маладых сэрцаў. Пілігрымка ў Браслаў

  • Друкаваць

braslau piligrymka 27“Дзе ёсць Маці, там ёсць і Сын…”

Пілігрымкі існуюць вельмі даўно. Зараз вернікі могуць абраць для сябе любы зручны спосаб, каб прыйсці на Святое месца, каб прынесці сваё сэрца Марыі, а праз Яе і Богу. Аднак самымі папулярнымі застаюцца звычайныя пешыя пілігрымкі. У нашай Віцебскай дыяцэзіі месцам пакланення з’яўляецца санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў. Пілігрымка з Глыбокага крочыць у Браслаў ужо ў пяты раз.

Пачалася пілігрымка з раняшняй Імшы ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 15 жніўня. Загрузіўшы рэчы ў бус, пілігрымы вырушылі ў шлях. На момант выхаду пілігрымка налічвала 70 чалавек. Узначаліў яе пробашч Глыбоцкай парафіі кс. Мікалай Ціхановіч. Удзельнічаць у юбілейнай пілігрымцы вырашылі не толькі глыбачане, побач з мясцовымі вернікамі ішлі прадстаўнікі Оршы, Мёраў, Светлагорска, Варапаева, Удзела, Віцебска, Мінска, Масквы. Ужо традыцыяй стаў першы абед у вёсцы Пятроўшчына, якая знаходзіцца на палове шляху да мэты першага дня пілігрымкі – Шаркаўшчыны. У гарадскім пасёлку пілігрымаў ветліва прывіталі, пасля чаго парафіяне разабралі пілігрымаў на начлег.

На другі дзень да пілігрымкі далучыліся яшчэ жадаючыя. Разам атрымалася 86 чалавек. Падчас другога дня пілігрымы дзяліліся сваімі сведчаннямі. Так, Генадзь расказаў гісторыю, як падчас такой пілігрымкі тры гады таму запрасіў крочыць разам хлопчыка з Шаркаўшчыны, які на той момант быў у бабулі ў Ёдах і не ведаў, што такое пілігрымка. Падчас гэтага сведчання пілігрымы і пазнаёміліся з Валерам, які ў гэты раз крочыў разам з намі. На палове шляху нас чакаў абед і адпачынак у лесе, падчас якіх, нягледзечы на стомленасць, пілігрымы весела спявалі і танцавалі. Таксама мы пачулі цікавую канферэнцыю ад ксяндза Вячаслава Адамовіча з Дзісны, прысвечаную тэме урачыстасцяў у Браславе: “Марыя – валадарка малых сэрцаў”. Падчас гэтага адпачынку пілігрымку наведаў біскуп Алег Буткевіч, які пачаставаў нас смачнымі яблыкамі і марозівам. Мэтай другога дня стала вёска Барадзінічы, у якой 16 жніўня адбыўся парафіяльны адпуст св. Роха. Пасля Імшы пілігрымаў разабралі да сябе вернікі з Барадзінічаў і навакольных вёсак.

braslau piligrymka 15

На трэці дзень пілігрымам трэба было прайсці найменшую частку шляху, і як, напрыклад, для мяне трэці дзень праляцеў вельмі хутка. У гэты дзень пілігрымы праслухалі канферэнцыю ад ксяндза Мікалая і сведчанне клерыка Яўгена. Як заўсёды, ветліва сустрэлі пілігрымку вернікі вёскі Ахрэмаўцы і пачаставалі смачным абедам. У канцы трэцяга дня да нас далучыліся вернікі з Магілёва і да канечнага пункту – санктуарыя Маці Божай Валадаркі азёраў прыйшло 96 чалавек.

Далей пілігрымаў чакалі Імша з удзяленнем сакраманта бежмавання для вернікаў Віцебскай дыяцэзіі, канферэнцыі, малітва праслаўлення, працэсія святла з ружанцовай малітвай па вуліцах горада і святая Імша апоўначы, адарацыя і Крыжовы шлях. На наступны дзень адбылася галоўная Імша ў 11.00, якую ўзначаліў французскі біскуп Дамінік Рэ.

braslau piligrymka 34


Больш фота ў суполцы ВК>>
Наталля Салодкая, тэкст
Леанід Юрык, Марына Сінкевіч, фота