Глыбоцкая моладзь прыняла ўдзел у адвэнтавым чуванні ў Мінску
- Падрабязнасці
- Апублікавана 17.12.2018 21:52
У ноч з 15 на 16 снежня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі прайшло адвэнтавае чуванне моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Прадстаўнікі Віцебскай дыяцэзіі (Глыбокае і Варапаева) таксама не абмінулі магчымасці разам маліцца і чуваць.
Сёлетняе адвэнтавае чуванне моладзі было прысвечана тэме «Божае Нараджэнне ў XXI стагоддзі». У супольнай малітве юнакі і дзяўчаты разважалі над тым, што было б, калі б Езус нарадзіўся ў наш час. Кірунак гэтым разважанням вызначыў арцыбісуп Тадэвуш Кандрусевіч у прамоўленым да ўдзельнікаў чування Божым слове падчас св. Імшы на яго пачатку.
Перадусім пастыр звярнуў увагу на тое, што на Сінодзе Біскупаў, прысвечаным моладзі, быў адзначаны вялізны ўплыў, які ў наш час аказваюць на фармаванне маладога чалавека сродкі камунікацыі. Прыслухоўваючыся да пажаданняў моладзі, удзельнікі Сіноду казалі пра неабходнасць абвяшчаць Евангелле на зразумелай ёй мове.
«Таму падчас сённяшняга адвэнтавага разважання, якое ўводзіць нас у атмасферу таямніцы Уцелаўлення Хрыста, прапаную засяродзіцца на тым, як сучасны малады чалавек можа ўспрыняць яе праз вобразы сучаснай культуры», — сказаў арцыбіскуп, прапанаваўшы ўдзельнікам чування паразважаць над пытаннем, што б сталася, калі б Езус нарадзіўся ў наш час у Мінску.
Акрамя таго, што Евангелле тады б абвяшчалася на больш зразумелай сучаснаму чалавеку мове, былі б і іншыя адрозненні. Так, паводле арцыбіскупа, «на шляху Езуса сёння змест пракажоных сустракаліся б алкаголікі і наркаманы, замест вінаградараў — менаджары, замест фарысеяў ці марнатраўнага сына — магчыма, хтосьці з нас».
Пасля гэтага іерарх прапанаваў уявіць сабе, як бачыць сцэну Нараджэння Хрыста, апісаную евангелістам Лукой, малады чалавек нашага часу. Намаляваўшы ў сучасных вобразах яскравую карціну нараджэння Хрыста ў Мінску ХХІ стагоддзя, арцыбіскуп Кандрусевіч зноў звярнуўся да моладзі з пытаннем: «Хрыстус прыходзіць. Як мы Яго рыхтуемся сустрэць? Чым мы найбольш занепакоены? Шопінгам і клопатам пра тое, куды пойдзем на святы і каго запросім у госці? Чатамі ў інтэрнэце з сябрамі? Колькі з нас у інтэрнэце шукае звестак пра Божае Нараджэнне і яго сапраўднае хрысціянскае святкаванне?
Пасля св. Імшы і благаслаўлення, якое ад імя папы Францішка ўдзяліў усім удзельнікам чування моладзі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, юнакі і дзяўчаты падзяліліся аплаткай з біскупамі і прэзбітэрамі, абменьваючыся з імі святочнымі пажаданнямі.
Апоўначы адбылася прэзентацыя парафій, моладзь з якіх сабралася на чуванне ў мінскай катэдры, што выглядала як прынясенне дароў да стаенкі, дзе вось-вось з’явіцца Нованароджаны Збаўца свету. Належна па-хрысціянску падрыхтавацца да сустрэчы з Ім моладзі архідыяцэзіі дапамагала прадстаўленая сцэнка і тэматычная канферэнцыя, а таксама малітва і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Завяршылася чуванне на світанні спевам Гадзінак да Найсвяцейшай Панны Марыі і благаслаўленнем.
Паводле catholic.by












