Віншаванне з Божым Нараджэннем
- Падрабязнасці
- Апублікавана 24.12.2018 13:00
Дарагія глыбачане!
Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце!
“Праўда вырасце з зямлі, а справядлівасць выгляне з нябёс.
Бо Гасподзь дасць добразычлівасць,
а зямля наша дасць плод свой” (Пс 85,12-13)
У адным з казанняў св. Аўгустын выказаў такую думку: “Хрыстус, які сказаў пра сябе: “Я – праўда” (Ян 14,6) нарадзіўся з Дзевы Марыі. Таму “справядлівасць паглядзела з нябёсаў” і “праўда вырасла з зямлі”. Бог даў нам справядлівасць і праўду ў сваім Сыне.
Мы перажывалі ў Беларусі “Год малой радзімы”, каб усвядоміць сабе яшчэ раз наколькі прыгожая і дарагая наша зямля, з яе багатай і разнастайнай гісторыяй. І трэба нам заўсёды памятаць, што менавіта хрысціяне на працягу многіх вякоў узбагачалі наш край высокай культурай і духоўнымі каштоўнасцямі. Чаму? Бо “Гасподзь дае добразычлівасць і спакой”.
На Святы Божага Нараджэння ад усяго сэрца складаю найлепшыя пажаданні ўсім жыхарам Глыбоччыны. Заклікаю не толькі любіць, шанаваць і ўпрыгожваць нашу малую радзіму знешнім упарадкаваннем яе гарадоў і вёсак, але ў першую чаргу адраджаць яе прыгажосць у чалавечых душах. Таму што будучыня і плённасць нашага народа залежыць ад таго, наколькі моцныя духам і любячыя сэрцам будуць жыць у ёй людзі.
Са Святам Раства Хрыстова!
Кс. Мікалай Ціхановіч,
дэкан Глыбоцкі,
пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім
