Удзел у ІІІ Ружанцовым кангрэсе ў Магілёве
- Падрабязнасці
- Апублікавана 07.10.2019 11:34
5 кастрычніка 2019 года ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Св. Станіслава ў Магілёве адбыўся трэці Ружанцовы кангрэс. Яго мэта – духоўная і інтэлектуальная фармацыя асоб, якія горача моляцца на ружанцы. Сёлетняя сустрэча прайшла пад дэвізам: «Маліцеся, «калі маеце час, увесь Ружанец штодзённа — і ў гадзіну сваёй смерці вы будзеце благаслаўляць той дзень і тую хвіліну, калі мне паверылі». [Св. Людовік Грыньён дэ Манфор; Трактат, 254].
Прадстаўнікі Глыбоцкай парафіі таксама прынялі ўдзел у кангрэсе. У 10.20 распачынаецца ўрачыстае адкрыццё кангрэса. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч шчыра прывітаў прыбыўшых на мерапрыемства з розных куткоў Беларусі. Першым з дакладам «Паўната малітвы» (а. Яцэк Варанецкі ОР) выступіў айцец Браніслаў Дашкевіч OP. Пасля на працягу дня прысутныя праслухалі даклады сястры Юліі Бугай OP «Каментарый св. Тамаша Аквінскага да Божых запаведзяў», а. Марыюша Возьняка OP «Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі» (св. Людовік Грыньён дэ Манфор) і а. Марка Урбаноўскага OP “Евангельскія сюжэты ў карцінах бл. Фра Джованні Анджэліка — дапамога ў ружанцовых разважаннях”.
Гэтым разам з усімі дакладамі былі прэзентацыі кніг, якія айцы дамінікане падрыхтавалі ў падарунак усім удзельнікам.
Кульмінацыйным момантам другога Ружанцовага кангрэсу стала святая Імша а 17 гадзіне, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Кангрэс закончыўся, але пілігрымка глыбачан у Магілёў не скончылася. У нядзелю наведалі другі магілеўскі храм – касцёл св. Казіміра і св. Ядвігі, у якім служаць айцы дамінікане, дзе прынялі ўдзел у св. Імшы. Па дарозе дадому праязджаючы Барысаў, не змаглі не затрымацца ля святыні Спаслання Духа Святога, якая яшчэ будуецца, і ў якую многія глыбачане ўклалі свае “цаглінкі”, затым наведалі другі касцёл, дзе працуюць айцы марыяне. Там сустрэлі а. Паўла Федаровіча, які зусім нядаўна вярнуўся з Караганды і крыху распавеў пра сваю місію там.



















