Святы Пасхальны Трыдуум - 2021
- Падрабязнасці
- Апублікавана 03.04.2021 09:11

Вялікі чацвер. “У гэты вечар, калі Гасподзь устанаўлівае сакрамант Эўхарыстыі і Святарства, вы разам з намі. Мы - вашы пастыры, вашы духоўныя айцы, а вы - нашы духоўныя дзеці. Запрашаем з адкрытым сэрцам і ў спакоі Духа праслаўляць Госпада і слухаць, што Ён хоча сказаць нам. Самае галоўнае, Гасподзь хоча даць нам Сваю любоў, Сваю ласку і пяшчоту.”

Вялікая пятніца. “Мы сёння будзем ляжаць крыжам за нашу краіну, за тых людзей, якія зняволеныя ў турмах, без сапраўднай віны, за тых, хто змагаецца за здароўе жыхароў нашай краіны, за медыкаў, якія кожны дзень на пасту, дзяжураць не па 7 гадзін, а па 10-12. Мы ведаем гэта. Мы будзем ляжаць крыжам за ўсіх людзей зняволеных у алкагалізме і наркаманіі, якія змагаюцца і не могуць выйсці з гэтай праблемы, за душы чысцовыя. У гэтых інтэнцыях мы, святары, будзем сёння ляжаць крыжам. Злы дух будзе сёння бясіцца і крычаць, бо сёння Хрыстос памёр і яго перамог. Гэтае ляжанне крыжам сімвалічна некалькі хвілін, будзе настолькі моцным і настолькі важным, што яно прынясе многім людзям збаўленне. Каб вы разумелі, гэта не проста сімвал “ляглі і паляжалі” - не! Гэта малітва, вельмі моцная малітва.”

Вялікая субота. Асвячэнне страў. “Самае галоўнае – гэта Езус. Стравы велікодныя, сімвалы і традыцыі важныя ў кантэксце Пасхі, але Пасха – гэта сустрэча з жывым Хрыстом, Які ўваскрос. Важна знайсці момант, каб прыйсці і пакланіцца Госпаду ў Найсвяцейшым Сакраманце. Гэты момант вельмі важны.”

Вялікая субота. Пасхальная Вігілія. “Вучыцеся даверу, не сумнявайцеся! Айцоўская рука Бога над нашай краінай ёсць. Беларусь прайшла неаднаразова праз розныя цярпенні і выпрабаванні, і зараз таксама пройдзе. Мы вас віншуем і заўсёды спадзяемся на Госпада. Толькі падтрымлівайце адзін аднаго, ніколі не пакідайце ў бядзе. Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!”

Вялікая нядзеля Уваскрасення Пана. ХРЫСТОС УВАСКРОС! САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС! АЛЛЕЛЮЯ!
Фотаздымкі па спасылцы >>
