Ліст ад пробашча
- Падрабязнасці
- Апублікавана 11.10.2025 15:42
ЕЗУС ХРЫСТУС ТОЙ САМЫ ЎЧОРА, I СЁННЯ, I НАВЕКI!
Дарагія Парафіяне! Браты і Сёстры!
Рэдка прыходзіцца Вам атрымоўваць допісы ад святара. Часцей прыходзіцца звяртацца да Вас з касцельнай амбоны, прамаўляючы казанне, або парафіяльныя аб’явы.
Аднак важнасць падзей, якія нас чакаюць, заклікае да таго, каб, запісаныя словы пробашча прагучалі ў кожнай хаце і кватэры нашай Парафіі. Прашу Вас прыслухацца да гэтых словаў і прыняць іх блізка да сэрца.
Ужо неўзабаве, 19 кастрычніка 2025 г у нашай Парафіі пачнуцца Святыя Місіі. Што гэта такое?
Мы прывыклі да таго, што перад вялікімі святамі нашай веры Касцел праводзіць рэкалекцыі, дні, у якія з дапамогай спецыяльных казанняў і набажэнстваў хрысціянскія душы прыгатоўваюцца да таго, каб велічна і з чыстым сэрцам святкаваць Вялікдзень або Божае Нараджэнне. Аднак гэтага мала. Раз на 10 год кожная Парафія павінна перажыць не кароткія рэкалекцыі, а праз цэлы тыдзень, дзень у дзень ахвяраваць свой час, сваю ўвагу і засяроджанасць Божаму Слову. Гэта і есць Святыя Місіі.
Святыя Місіі – гэта прысутнасць Божага Слова сярод нас. Цэлы тыдзень, ад 19-га па 26-га кастрычніка, у нашым касцеле будуць праходзіць адмысловыя набажэнствы, святыя Імшы, катэхэзы. Некаторыя з іх адрасаваны ўсей Парафіі, некаторыя – асобным групам, напрыклад моладзі або дзецям.
Кожны з нас вырашае за сябе: адкрыць сваю душу на святло Божага Слова ці праседзець гэтыя святыя дні ў хаце. Кажуць, той, хто хоча – знойдзе хоць адну магчымасць, а хто не хоча – тысячу адгаворак. Раз на 10 год – ці хопіць у нас сілы духа і любові да Бога, каб кожны місійны дзень удзельнічаць у набажэнствах і заслужыць ласку поўнага адпуста?
Прашу Вас, прылажыце ўсе магчымыя намаганні, адпрошвайцеся раней з працы, звальняйце са школы дзяцей, прывозьце старэйшых і хворых машынамі, прыпамінайце адзін аднаму: час кароткі, а вечнасць доўгая. Як не змарнаваць магчымасці, якія нам дае Бог? Як выстаяць і не паддацца моцы злога? Як заслужыць вечнае збаўленне?
Сустрэнемся на Святых Місіях!
кс. Мікалай Ціхановіч