Парафіяльны хор “Ave Maria”
- Падрабязнасці
- Апублікавана 04.02.2013 12:48
Парафіяльны хор “Ave Maria” быў створаны ў лютым 2000 г. Ініцыятарам і натхняльнікам хора стаў кс. Пётр Врубель, які быў у той час пробашчам Глыбоцкай парафіі. Удзельнікі хору – людзі рознага ўзросту і прафесій, якіх аб’ядноўвае любоў да Пана Бога, да музыкі і спеваў. Кіраўніком хору на працягу 15 год была Ніна Казлоўская. У рэпертуар уваходзяць творы класічнай духоўнай музыкі, а таксама рэлігійныя песні замежных і айчынных аўтараў.
Удзельніца хору Ганна Шакола з’яўляецца салісткай і адначасова самадзейным кампазітарам спеваў, якія выконвае хор. Песня “Будслаўская Божая Маці” на словы глыбачаніна Віталя Гарановіча заняла першае месца ва Усебеларускім конкурсе на лепшую песню да 500-годдзя Будслаўскай святыні і была выканана хорам падчас урачыстасці ў Будславе. Інтэрв'ю з кампазітарам Ганнай Шаколай можна прачытаць тут>>.
У 2002 годзе хор удзельнічаў у Міжнародным фестывалі “Магутны Божа” ў Магілёве. Парафіяльны хор “Ave Maria” – пастаянны ўдзельнік нядзельных і святочных набажэнстваў у касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім, а таксама фэстаў і парафіяльных ўрачыстасцяў у Мосары, Удзеле, Лужках, Ушачах, Лучаі, Будславе, Паставах, Заслаўлі, Лынтупах, Празароках, Параф'янаве і інш…
Дзякуючы намаганням кс. Кшыштафа Мікалайчыка, хор неаднаразова быў у пілігрымках да польскіх святыняў у Чэнстахове, Ліхэні, Кракаве, Гданьску, Закапанэ і інш. З ласкі Пана Бога хор меў магчымасць маліцца і спяваць у гэтых святынях.
Наш калектыў падтрымлівае творчыя кантакты з хорам “Cantus Cordis” з касцёла св. Сымона і Алены ў Мінску. Па запрашэнні парафіян і кс. Уладзіслава Завальнюка, глыбоцкі хор меў магчымасць выступіць у Чырвоным касцёле.
Штогод, падчас начной Святой Імшы да ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў, хор спявае на польскай мове ў Браслаўскім санктуарыі.
Усіх, хто жадае пачуць хор “Ave Maria”, сардэчна запрашаем кожную нядзелю на св. Імшу ў 13.00 у касцёл Св. Тройцы ў Глыбокім.
15 лютага 2015 года - парафіяльны хор “Ave Maria” адзначыў 15-годдзе свайго існавання. Прапануем Вашай увазе відэарэпартаж "Каталіцкага Весніка" з юбілею і выпуск тэлеперадачы "Вытокі".
16 лютага 2020 года - парафіяльны хор “Ave Maria” адзначыў сваё 20-годдзе.