Сёння распачынаем Вялікі пост

popielecСёння ў Каталіцкім Касцёле перажываем Папялец (Папяльцовую сераду). А гэта азначае, што распачынаем Вялікі пост - час саракадзённага прыгатавання да самай вялікай урачыстасці – Уваскрасення Хрыста.


Вялікі пост – гэта час асаблівага суцішання і час задумы над сваім жыццём. Кожны хрысціянін прагне перажыць гэты час у больш глыбокай еднасці с Хрыстом. Перагледзець свае адносіны да Бога і да іншага чалавека, які знаходзіцца побач ці на працы, ці ў сям'і.

Вялікі пост павінен паспрыяць перамене жыцця да лепшага праз канкрэтныя дзеянні: малітву, ахвярнасць, добрыя словы ці ўчынкі, дапамогу патрабуючым. Таксама вялікую ўвагу чалавек павінен звярнуць асабіста на сваё сумленне, на свае заганы, якіх павінен пазбавіцца.

У традыцыі Каталіцкага Касцёла Вялікі пост распачынаем Папяльцовай серадой. У гэты дзень абавязвае сціслы пост (тры пасілкі і толькі адзін дасыта). Падчас Эўхарыстыі існуе традыцыя пасыпання галоў попелам на знак пакуты. Святар чыніць гэты жэст са словамі «Навяртайся і вер у Евангелле», якім заклікае верніка да большай рэфлексіі над свам жыццём і сваёй верай.

Няхай чарговы Вялікі пост, які мы распачынаем у гэтым годзе, дапаможа кожнаму з нас асабіста спазнаць бязмежную любоў Бога, які прагне навяртання кожнага грэшніка, а не яго загубы. Няхай гэты час адновіць нашае хрысціянскае жыццё і зробіць нас больш адкрытымі на іншага чалавека.