Віншуем са святам Божага Нараджэння!

354770072Хвала на вышынях Богу,
а на зямлі супакой людзям добрай волі…
Лука 2,14

Браты і сёстры!

Святой ноччу Божага Нараджэння спалоханыя пастушкі пачулі гэты цудоўны анёльскі спеў: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі…” Нібы ў тую ноч Бог хацеў сказаць чалавеку, што хвала Бога ў небе непасрэдна залежыць ад супакою ў сэрцы чалавека на зямлі. І гэта праўда. Мы здольныя па-сапраўднаму ўсхваляць нашага Пана толькі тады, калі нашыя сэрцы перапаўняе Божы супакой.

Мінулы год, у шматлікіх кутках зямлі, даў балючы ўрок адсутнасці супакою. І таму сёння, на гэта вялікае хрысціянскае Свята я хачу пажадаць усім, хто верыць у Хрыста менавіта супакою.

Мы молімся аб супакоі ва ўсім свеце, але няхай жа ён пануе найперш у нашых сэрцах, у нашых сем’ях і нашых хатах. І тады з нашай зямлі сапраўды ўзнясецца Хвала Богу, якае дасягне вышыняў.

Беражыце супакой, будуйце згоду, прыносьце мір туды, дзе бачыце канфлікты ці сваркі. Будзьце дзяцьмі Бога, а гэта значыць дзяцьмі супакою.

Народжаны з Прачыстай Дзевы Збавіцель няхай благаславіць Вашыя сем’і, дамы, клопаты і працу.

З Божым Нараджэннем! Шчаслівага Новага Году!

Ксёндз пралат Мечыслаў Янчышын,
пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім