“Святарства дар – каштоўны скарб ад Бога..”
- Падрабязнасці
- Апублікавана 27.12.2014 12:38
Завяршаецца юбілейны год. Шэсць стагоддзяў для горада Глыбокага – гэта вялікі адрэзак часу, унікальную гісторыю якога вяршылі людзі. Так было, так ёсць, так будзе. Згадаць толькі велічную асобу Іосіфа Львовіча Корсака. Прайшло колькі стагоддзяў, а яго неацэнная спадчына – гэта духоўны скарб шматлікіх пакаленняў глыбачан. Адна з гэтых святыняў, касцёл Святой Тройцы ў Глыбокім – сведчанне жывой і сапраўднай веры, бо гэта адзін з нямногіх храмаў, які дзейнічаў ў гады атэізму. Імёны святароў, якія тут служылі, упісалі ў гісторыю горада лепшыя старонкі:
ксёндз Антоні Яшчолт у далёкім ХVІІІ распачаў будаўніцтва мураванага касцёла Святой Тройцы на месцы спаленага драўлянага храма;
пробашч і дэкан ксёндз Антоній Зянкевіч, які разам з сёстрамі –непакалянкамі ў Глыбокім заснавалі сваю місійную пляцоўку на тэрыторыі парафіі Святой Тройцы (да Другой сусветнай вайны; цяпер у Беларусі іх дзве – у Будславе і Росіцы);
пробашч парафіі ксёндз Юзаф Францкевіч, які аддаў служэнню ў глыбоцкім храме больш за 30 гадоў (з 1951 г. да 1985 г.) ў часы атэізму.
А як не згадаць сучаснікам такіх святароў, як ксёндз Уладзіслаў Завальнюк (цяпер пробашч Чырвонага касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску), і ксёндз Кірыл Клімовіч (цяперашні біскуп, Ардынарый Іркуцкі). На іх рахунку генеральны рамонт храма Святой Тройцы ў Глыбокім. А хто з вернікаў не памятае ксяндза Кшыштафа Мікалайчыка?
З 2007 года пробашчам парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім і дэканам Глыбоцкага дэканата з’яўляецца ксёндз пралат Мечыслаў Янчышын. Пра гэтага чалавека, ураджэнца г. Сцінава (Польшча), але якога ў Глыбокім, напэўна, ўжо ведае кожны, і наш аповед.
***
…5 ліпеня 2014 года. Галоўная сцэна на Цэнтральнай плошчы Глыбокага. Урачыстая цырымонія адкрыцця свята з нагоды 600-годдзя горада. На сцэну выклікаюцца героі дня, якім было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Глыбоцкага раёна”. У шэрагу ўганараваных і ксёндз пралат Мечыслаў Янчышын. Чарговая ўзнагарода знайшла свайго героя – гэта якраз пра гэтага чалавека і яго дзеянні, слаўныя ўчынкі. За час служэння ксяндза Мечыслава Янчышына ў Глыбоцкай парафіі з’явілася столькі цікавінак у духоўным жыцці не толькі хрысціян-католікаў, але і праваслаўных…
Назаву апошнія грандыёзныя мерапрыемствы, што аб’ядналі і вернікаў Глыбоччыны, і кіраўніцтва раёна, і шырокую грамадскасць, дзякуючы няўрымслівай натуры ксяндза пралата Мечыслава Янчышына, які зрабіў Глыбоцкі касцёл сапраўдным храмам дабрыні і міласэрнасці. “Ты – не адзін!” – так называлася раённая дабрачынная акцыя, якая была прымеркавана да Дня інвалідаў і доўжылася 5 дзён. А крышачку раней праводзілася міжраённае мерапрыемства “Мы – разам!” для асоб з псіхічнымі і фізічнымі захворваннямі, іх бацькоў і апекуноў, арганізаванае Глыбоцкай парафіяй пры падтрымцы мясцовых улад горада.
***
…Вечар 19 снежня. Не напружвайце памяць, паважаныя чытачы, нічога грандыёзнага ў гэты дзень у Глыбокім, не адбывалася, але не для мяне. У гэты вечар я пазнаёмілася з цікавым і вельмі сціплым чалавекам з добрымі, усмешлівымі вачыма – ксяндзом пралатам Мечыславам Янчышыным. Гучалі захапляльныя гісторыі з яго жыцця, насычанага на падзеі, падарожжы, знаёмствы і добрыя справы. На кожнае маё пытанне адказваў шчыра, з ладнай доляй гумару, здзіўляючы добрым веданнем беларускай мовы і народных прыказак. Паверце, не ад кожнага беларуса пачуеш.
Прыемнымі хвілінамі размовы з дазволу ксяндза Мечыслава падзялюся з вамі, шаноўнае спадарства.
Усё пачынаецца з дзяцінства
Напачатку ксёндз Мечыслаў сягнуў у дарагія сэрцу часы дзяцінства. Дарэчы, у яго жыцці дзіцячая мара вызначыла далейшы лёс.
– Рашэнне стаць святаром узнікла ў мяне яшчэ ў тым ўзросце, калі “пад стол” хадзіў, – усміхаецца ксёндз Мечыслаў. – Пробашч нашай парафіі паехаў ў Савецкі Саюз і ў адным з касцёлаў убачыў, як людзі маліліся, але без ксяндза. Гэты расказ мяне настолькі ўразіў, што вырашыў – абавязкова стану ксяндзом і паеду ў Савецкі Саюз. Закончыў школу, адвучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Вроцлаве. І ўсім: і блізкім, і выкладчыкам семінарыі на пытанне “Чаму стаў ксяндзом?”, адказваў, што хачу служыць у касцёле у Савецкім Саюзе.
Праз два гады, адпрацаваўшы вікарыем ў польскай Легніцы ў парафіі Святой Тройцы, у 1990 годзе ксёндз Мечыслаў прыехаў у Беларусь. Мара маленькага Мечыслава збылася!
– Мне пашчасціла, што ў тыя гады Міхаіл Гарбачоў звярнуўся з просьбай, каб Польшча дапамагла прыслаць ксяндзоў ў Саюз. Канешне, я быў з першых, хто хацеў паехаць. Па-першае, дзіцячая мара не давала спакою, па-другое, мае бацькі родам з Украіны, і я там бываў, ведаў украінскую мову, туды ж і хацеў трапіць. Але біскуп Тадэвуш Кандрусевіч просіць паехаць у Беларусь, – згадвае гісторыю амаль 25-гадовай даўнасці ксёндз Мечыслаў. – Што ж вырашыў я, Беларусь – таксама Савецкі Саюз. Даў дабро. Як цяпер помню, 4 верасня спакаваў два чамаданы, ледзь падняць. У адзін паклаў кнігі і ўсё неабходнае для службы, у другі – адзенне, за плячыма павесіў вялікі рукзак, развітаўся з парфіянамі і на цягнік…
Дарогі вядуць ў Беларусь
Першым месцам прыпынку ў Беларусі ксяндза Мечыслава Янчышына быў касцёл у Гродна, дзе на працягу месяца чакаў прыезду біскупа для далейшага вырашэння свайго лёсу і адначасова знаёміўся са службай, з рознымі ксяндзамі, сярод якіх быў і Уладзіслаў Блін (на той час пробашч парафіі ў Магілёве). Гэтае знаёмства таксама аказалася лёсавырашальным..
Ула, Лепель, Новалукомль – сямнаццаць гадоў служэння ў гэтых парафіях не прайшлі бясследна ні для самога святара, ні для парафіян.
На афіцыйным сайце Рыма-каталіцага Касцёлу ў Беларусі catholic.by ёсць радкі, якія цалкам падцвярджаюць думку, што добры чалавек пакідае пасля сябе добры след.
Пасёлак Ула Лепельскага раёна. Парафіяльны касцёл у ў 60-я гады мінулага стагоддзя спалілі. 19 ліпеня 1992 г. быў прыняты статут парафіі Найсвяцейшай Тройцы. Парафіяне атрымалі і руіны касцёла. Дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча кс. Мечыслава Янцышына і вернікаў у 1999 г. касцёл быў адбудаваны… Крыху раней кс. Мечыславам Янчышыным была пабудавана капліца ў вёсцы Мікалаева, дзе цяпер ужо зарэгістравана парафія…
Горад Лепель. Касцёл св. Казіміра зноў пачаў дзейнічаць у 90-я гады мінулага стагоддзя. З 1993 г. ў касцёле адбываюцца рэгулярныя набажэнствы, а ў 1995 г. яго нанава асвяцілі (гэта час служэння тут ксяндза Мечыслава Янчышына – аўт.)…
Горад Новалукомль. Увосені 1996 г. адпраўлена першая святая Імша ў прыватнай кватэры, што і паклала пачатак фармавання новай парафіі. Дзякуючы намаганням кс. пралата Мечыслава Янцышына 3.03.1998 г. яна была зарэгістравана пад тытулам св. Марыі Магдалены, абслугоўваў парафію ксёндз з Лепеля. Пасля ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі ўвосень 2000 г. у парафію быў прызначаны першы пробашч – кс. пралат Мечыслаў Янчышын. У 2001 г. у цэнтры горада католікі выкупілі старую кацельню з прылягаючай тэрыторыяй, а ў 2003 г. яе пачалі перабудоўваць у касцёл і плябанію…
“Мой родны дом – Глыбокае”
У гэтым ксёндз пралат Мечыслаў Янчышын цяпер упэўнены. Бываючы падчас адпачынку на маленькай радзіме ў Польшчы, заўсёды адчувае, што цягне назад, туды, дзе праца, дзе блізкія ўжо сэрцу людзі, дзе ён не адчувае сябе чужынцам.
– Я ведаю тут кожную вулачку, дом, мабыць, лепш за карэнных глыбачан, – не хавае ўсмешкі святар. – Хаця раней, калі тут не працаваў, прыязджаючы ў Мосар, Удзела, баяўся ў у Глыбокім заблудзіць.
На маё пытанне, чаму чарговым прыпынкам аказалася Глыбокае, адказаў па-простаму:
– Біскуп вырашыў, а я згадзіўся. Папярэднік мой, ксёндз Кшыштаф Мікалайчык, выехаў у Афрыку.
…2007 год. Ксёндз пралат Мечыслаў Янчышын – пробашч Глыбоцкай парафіі.
– Гэта быў год прыгляду, – згадвае святар. – Прыгляду, да людзей, да тых паводзін, якія іх прыводзяць іх у касцёл. Галоўным было нічога добрага не парушыць, што было да мяне. А разгледзеўшы ўсё як след, пачаў ўводзіць навацыі. Гэта і працэсія да чатырох алтароў па гарадскіх вуліцах Леніна, Гагарына, Вольная, Савецкая, каб усе бачылі, удзельнічалі ў ёй, а калі не, то задумваліся. Гэта і Крыжовы шлях, падчас якога збіраецца шмат людзей, і ніхто з іх не баіцца стаць на вуліцы на калені. Гэта і аднова парафіі, якую падзяліў на чатыры раёны, кожны з іх мае сваіх пасланцаў, так званых праваднікоў. Гэта і 5-6 падзей на працягу года, каб аб’яднаць парафіян, каб людзі прыходзілі да Пана Бога. Гэта і парафіяльны “Карытас”, створаны для падтрымкі людзей, абмежаваных у сваіх магчымасцях, каб яны нармальна ўваходзілі ў наш свет.
Дарэчы, “Карытас” у Глыбокім – з’явіўся першым у Віцебскай дыяцэззі, і заслуга ў гэтым ксяндза пралата Мечыслава Янчышына.
Але свае дасягненні, як лічыць святар, былі б не магчымымі без памочнікаў:
– З ксяндзамі ў парафіі мы заўсёды ў супольнасці. Мы разам – і працаваць лягчэй. І з “Карытасам” склалася найлепшым чынам: дырэктар Іна Вайцяховіч вельмі адказная, і з ёй у нас –паразуменне з аднаго слова. У Глыбокім, адзначу, і са свецкай уладай усё складваецца па-іншаму. Дзякуючы старшыні райвыканкама Алегу Віктаравічу Морхату – мы адно. Служым для людзей, для тых, хто жыве побач, адзіную справу здзяйсняем. З якім б праблемамі сутыкаліся, якія б акцыі ні прапаноўвалі, – заўсёды адчуваем падтрымку ўлад.
А яшчэ ў Глыбокім, дзякуючы ксяндзу пралату Мечыславу Янчышыну, з’явіліся: новая плябанія, капліца благаслаўлёных Мучанікаў з Беразвечча ў Глыбоцкай бальніцы, капліцы ў папраўчай калоніі №13 і ў вёсцы Гірстуны.
Але і на гэтым актыўную дзейнасць ў справе міласэрнасці пробашч Глыбоцкай парафіі не збіраецца спыняць:
– Плануем зрабіць Цэнтр міласэрнасці для нямоглых па вуліцы Вольнай. Спадзяюся, што атрымаецца: свет не без добрых людзей.
Нечаканыя адкрыцці
А ці ведалі вы, што ксёндз пралат Мечыслаў Янчышын… у юнацтве займаўся бегам?
– Бывала што і па 50 кіламетраў рабіў забегі. Аднойчы пашчасціла прабегчы разам з чэмпіёнам Польшчы.
…турыст са стажам?
– Разам з моладдзю з рукзаком за плячыма пахадзіў па ўсіх польскіх гарах, і па ўкраінскіх. У Глыбокім разам з аднадумцамі стварылі пры касцёле турыстычную групу “Пендаль”. Хадзілі ў паходы на лыжах, веласіпедах, байдарках. Цяпер яны самастойныя турысты і ўжо запрашаюць мяне да ўдзелу.
…запраўдны яхтсмен?
– На яхце “хадзіў” па Адрыятычным моры, і па Браслаўскіх азёрах, і нават па возеры Кагальным – да Дня беларускага пісьменства мае сябры ў Глыбокае яхту прывезлі. Мару, каб у раёне нашым з’явілася, да прыкладу, на Пліскім возеры – яно больш прыдатнае і там якраз турыстычная зона будзе.
А яшчэ ён адмысловы грыбнік, аматар кніг па гісторыі, якія чытае на беларускай мове, і марыць пра вялікага сабаку-сябра…
***
– Будзьце самімі сабою, – пажадаў на развітанне нашым чытачам ксёндз пралат Мечыслаў Янчышын. – Верце, што магчыма не магчымае. Побач ёсць цудоўныя людзі, з якімі можна ўсё зрабіць!
Алена Хайноўская, "Веснік Глыбоччыны"










