Са святам Божага Нараджэння!

kaliadyПаважаныя браты і сёстры ў Хрысце!
Дарагія глыбачане!

Надыйшло свята Нараджэння Божага Сына, які прыйшоў у свет, каб аб’явіць людзям сапраўднае Аблічча Бога. Гэта Ён - Езус Хрыстус з’яўляецца абліччам міласэрнага Бога – нашага Айца. І праз сваё адкупленне на крыжы Езус даказаў нам, што Бог сапраўды міласэрны да нас і да ўсяго свету. Таму Ён просіць сваіх вучняў: “Будзьце міларэрнымі, як Айцец ваш міласэрны” (Лк 6,36). 

У сучасным свеце мы назіраем шмат нянавісці і войнаў і чалавеку цяжка паверыць у сілу сапраўднай Любові, якая можа ўратаваць гэты свет ад знішчэння. Толькі паверыўшы яшчэ і яшчэ раз у Міласэрную любоў Бога мы зможам па-новаму будаваць цывілізацыю дабра і справядлівасці. У гэты год, Юбілейны Год Міласэрнасці, Каталіцкі Касцёл заклікае ўвесь хрысціянскі свет наследаваць нашага Нябеснага Айца і “залечваць раны” на целе і на душы людзей пакрыўджаных і знясіленых рознымі жыццёвымі сітуацыямі.

На Глыбоцкай зямлі пражывае не мала хрысціян. Давайце не будзем дзяліцца на католікаў, праваслаўных ці пратэстантаў. Сёння нас асаблівым чынам яднае кроў нашых братоў-мучанікаў, якія паміраюць толькі за тое, што яны хрысціяне. Я жадаю, каб мы ўсе разам, як адна хрысціянская сям’я паказалі іншым людзям як трэба па-сапраўднаму любіць і прабачаць, так як гэта няспынна робіць з намі Езус Хрыстус. Жадаю, каб хрысціяне Глыбоччыны пачулі заклік Папы Францішка, які кажа: “не будзем паддавацца абыякавасці, якая прыніжае, прызвычаеннасці, якая робіць нячулым дух і не дазваляе ўбачыць новае, цынізму, які знішчае. Адкрыем нашы вочы, каб заўважыць няшчасці свету, раны многіх братоў і сясцёр, пазбаўленых годнасці (Misericordiae vultus. 15).

Любові і міласэрнасці Вам усім. Са Святам!

Кс. Мікалай Ціхановіч