"Maranatha, прыйдзі Пане Езу!": раратнія Імшы ў нашай парафіі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 06.12.2016 10:05
"Maranatha, прыйдзі Пане Езу!" - гэтымі словамі кожны раз распачынаецца раратняя святая Імша ў нашай парафіі.
Тры разы на тыдзень а палове сёмай раніцы, парафіяльная святыня поўнасцю запоўнена вернікамі. У той момант, як многія яшчэ спяць, шматлікія дзеткі з зорачкамі і добрымі ўчынкамі прыходзяць на ранішнюю Эўхарыстыю.
6 снежня падчас гаміліі, кс. Мікалай звярнуў увагу на тое, што кожны з нас з'яўляецца той самай авечкай з Евангелля, каторую Езус у свой час знайшоў і выцягнуў з церня граху, выцягнуў з улады сатаны. "Маці Божая Марыя кожны раз з намі на раратняй св. Імшы. Гэта Яна прыходзіць як першая зорка і гэта Яна шукае кожную заблуканую авечку. Гэта Марыя кожнага з нас прывяла да Езуса. Не забывайце, што кожны з вас, дзеці і дарослыя, ёсць у храме Божым таму, што Марыя вас знайшла і паказала Свайго Сына, а Ён нас выцягнуў. Мы - ягоныя авечкі. Памятайце заўсёды, калі прыходзіце ў святыню, што вы ўратаваныя Добрым Пастырам. Ніколі не бойцеся стаяць на каленях перад Госпадам! Слаўце Яго, бо вы збаўленыя!" - заклікаў святар.
На заканчэнне ранішняй Імшы словы віншаванняў былі скіраваны пробашчу Мікалаю за нагоды дня імянінаў.










