2 лютага - свята Ахвяравання Пана і Дзень Кансэкраванага жыцця
- Падрабязнасці
- Апублікавана 02.02.2017 01:04
2 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. Робіць гэта на ўспамін ахвяравання Марыяй і Юзафам іх першароднага сына. У беларускай і польскай традыцыях гэта таксама свята Маці Божай Грамнічнай. У 1997 годзе Папа Ян Павел ІІ гэты дзень ў Касцёле ўстанавіў Днём Кансэкраванага жыцця. Законныя браты і сёстры, на падабенства Езуса ў Ерузалемскай святыні, ахвяруюць сваё жыццё на выключную службу Богу.
У гэты дзень неабходна задумацца над асаблівай формай жыцця ў Касцёле, якой ёсць манаскае жыццё. Бог кліча некаторых людзей, каб на ўзор Езуса ахвяравалі Богу самае галоўнае. Кансэкрацыя – гэты і ёсць адданне свайго жыцця на выключную службу Богу.
Сёння ў нашай парафіі нясуць ахвярнае служэнне сёстры францішканкі Сям'і Марыі, якія пайшлі за голасам Божым і праз адрачэнне ад сваёй маёмасці (шлюб беднасці), сямейных адносін (шлюб чыстасці) і сваёй волі (шлюб паслухмянасці) ахвяравалі Яму сябе.
Віншуем нашых сясцёр Ганну, Таццяну і Людмілу і складаем найлепшыя пажаданні: Божага бласлаўлення і шматлікіх Яго дароў, каб ішлі праз усё сваё жыццё з даверам, надзеяй і радасцю за Госпадам. Жадаем таксама шматлікіх і прыгожых плёнаў Вашага служэння. Няхай праз Вас людзі, якіх штодзённа сустракаеце, атрымліваюць досвед блізкасці міласэрнага Бога!











