Парафіяльная моладзь праслаўляла Госпада на музычным фестывалі ў Баранавічах

baranaviczy fest

11 лютага ў Баранавічах у шосты раз прайшоў фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў». Тэмай сёлетняга фэсту былі абраны словы «Каб усе былі адно».

Кс. Андрэй Рылка, рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску, на самым пачатку прывітаў усіх прысутных гледачоў, слухачоў і выступоўцаў: “Гэта фестываль хрысціянскай музыкі, і таму кожным спевам, танцам, усмешкай кожны з нас будзе праслаўляць Бога”. А каб у гэты вечар моладзь змагла «дастукацца да нябёсаў» адбылася супольная малітва.

На фестываль прыбылі маладыя людзі разам са сваімі святарамі і законнымі сёстрамі з Баранавіч і Ляхавіч, Брэста і Мінска, Ліды і Новай Мышы, Пінска, Гродна і Воранава. Прадстаўнікі з Віцебскай дыяцэзіі таксама прыехалі на музычны фэст. Гэта была наша парафіяльная моладзь. Дзевяць маладых людзей разам з кс. Іванам Кароткіным упершыню прынялі ўдзел у такім марафоне хрысціянскай музыкі. Пакуль, канешне, як слухачы.

На пытанне вядучага «Хто ўпершыню прыбыў на фестываль?», больш паловы прысутных паднялі руку, а гэта значыць, што марафон хрысціянскай музыкі развіваецца і набірае сваю моц.

«Ave» і “Подых духа” – гурты Вышэйшых духоўных семінарый ў Гродне і Пінску, моладзевы рух “Open” з Гродна і мінскі салезіянскі гурт “Небасхіл”, евангелізацыйныя праекты «Рыбы» і «Step Project» - на працягу чатырох гадзін запальвалі сваімі спевамі, танцамі, харызмай агеньчыкі ў сэрцы кожнага, хто прыбыў на гэты фестываль.

Трэба адзначыць, што ўпершыню аховай парадку займаліся скаўты з Гомеля і Івянца.

На заканчэнне музычнага хрысціянскага фэсту адна з удзельніц праекта “Рыбы” Алена Кот звярнулася да маладых хрысціянаў: “Давайце выходзіць са сваёй зоны камфорту, рабіць нешта разам і несці гэта ў свет. Бо будучыня залежыць ад нас. Нясіце святло гэта праз сацыяльныя сеткі: “рэпосты”, “лайкі” і хэштэгі. Давайце ствараць хрысціянскую платформу разам, каб мы былі з’яднаныя віртуальна, бо цяпер ХХІ стагоддзе і свет гэтага ад нас патрабуе.”

Адным з цікавых момантаў стала тое, што сярод слухачоў была прысутная дзяўчына з Бразіліі.

Наша моладзь падзялілася ўражаннямі ад прабывання і праслаўлення Госпада сярод вялікай колькасці моладзі на фестывалі:

Саша і Маша Малец: “Увесь тыдзень з вялікім нецярпеннем мы чакалі паездкі ў Баранавічы. Нас вельмі захапіла ідэя паехаць на фестываль хрысціянскай музыкі "Дастукацца да нябёсаў". Прыехаўшы туды першы раз, мы былі ўражаны маштабам правядзення гэтага фестывалю. Пазнаёміліся з моладдзю з Брэста, Баранавіч, Пінска... Гэта мерапрыемства аб'ядноўвае людзей з розных гарадоў. Стоячы каля сцэны мы спявалі і танчылі разам з усімі. Мы не чулі, як самі спяваем, але гэта паказвала як людзей аб'ядноўвае спеў і Бог. Калі там былі мы цвёрда верылі, што Бог побач. Ён сапраўды быў разам з усімі намі на гэтым мерапрыемстве. Мы вельмі ўдзячны пробашчу Мікалаю і ксяндзу Івану за магчымасць пабываць на фестывалі.”

Стас Пажога: “Фестываль "Дастукацца да нябёсаў" мне вельмі спадабаўся. Прыгожыя і натхняльныя спевы, якімі музыканты і ўсе прысутныя славілі Бога, стваралі такую незвычайную атмасферу. Усё гэта пакінула мноства станоўчых уражанняў.”

Бажэна Лютынская: “У апошні час у жыцці адбываецца шмат незразумелых момантаў, з якіх складана знайсці выйсце. Нарэшце, я дачакалася гэтага фестывалю. Было вельмі класна, я адпачыла душой. Было сказана шмат слоў, ад якіх былі мурашы на скуры. Божа мой, я вельмі шчаслівая!”

Марына Сінкевіч
p.s. Больш фота ў суполцы ВК