"Не шкадуйце часу для Хрыста!": 1 сакавіка распачаўся Вялікі пост
- Падрабязнасці
- Апублікавана 01.03.2017 23:06
Сёння, 1 сакавіка, мы разам з паўсюдным Каталіцкім Касцёлам распачынаем Вялікі пост. Час саракадзённага прыгатавання да самай вялікай урачыстасці – Уваскрасення Езуса Хрыста. Гэта асаблівы час задумы над сваім жыццём і над тым, якой цаной Божы Сын адкрыў для нас Божае Валадарства.
Ва ўступным слове кс. Мікалай Ціхановіч нагадаў вернікам сэнс Вялікага посту, што гэта час калі мы павінны прачнуцца, атрымаць ласку духоўнага зроку, каб бачыць вачыма Езуса Хрыста.
Падчас гаміліі пробашч парафіі звярнуўся да прысутных парафіянаў з прамовай: “Кожны свой дзень падчас Вялікага посту мы павінны пачынаць са слоў Давіда “Змілуйся нада мною Божа ў вялікай міласці Тваёй”, бо мы вельмі патрабуем Яго любові. Хто нас ачысціць ад граху? Адзіны лекар – Езус. Хочаш быць чыстым – аддай сэрца Богу, дазволь Яму ачысціць тваё сэрца.(...)
Што такое быць шчаслівым? Гэта калі сумленне тваё цябе не грызе, калі на сэрцы супакой і любоў, шчасце і радасць. Толькі з чыстым сэрцам і сумленнем зможам убачыць Бога.
“Чыстае сэрца ствары ўва мне Божа” – вось аб чым мы павінны клапаціцца ў Вялікім посце. Не пра ежу, рытуалы, фармальнасці ў адносінах з Богам, а пра сэрца павінны думаць. Загляніце ў сваё сэрца і паразмаўляйце з Госпадам пра ўсе свае праблемы. Другая частка - “І аднаві ўва мне трывалы дух”, каб жыццё ўнутры ў нас было. Дазвольце Богу зрабіць парадак у вашым сэрцы, каб змог заглянуць туды і выгнаць сатану. Разрывайце свае сэрцы, як рабіў гэта Давід. Кожную нядзелю прыходзьце на св. Імшу, у пятніцу – на Крыжовы шлях, пачніце чытаць Біблію, прымірыцеся з блізкімі людзьмі, прыступайце да споведзі.”
Пасля казання адбылося асвячэнне попелу і святары пасыпалі галовы вернікаў попелам са словамі “Кайцеся і верце ў Евангелле”.
Не шкадуйце часу для Хрыста ў Вялікім посце!
Марына Сінкевіч










