9 красавіка распачалі Вялікі Тыдзень
- Падрабязнасці
- Апублікавана 09.04.2017 20:41
У гэтым годзе Вербніцу адзначаюць католікі і праваслаўныя разам. Таму з раніцы Глыбокае было ажыўлена, людзі з пальмовымі галінкамі крочылі ў святыні, якія стаяць насупраць на адной плошчы, каб прывітаць Хрыста на ўспамін Яго ўезду ў Іерусалім.
У парафіяльнай святыні падчас св. Імшы на 11 гадзін асвячэнне ўпрыгожаных галінак вярбы, якія трымалі ў руках маленькія дзеткі і старэйшыя вернікі, адбылося на самым пачатку Літургіі. Пасля было прачытана апісанне Мукі Пана паводле Мацвея.
"Радасныя воклічы натоўпу "Гасанна!", якімі віталі Езуса як Цара і Валадара, праз пяць дзен сталі словамі, напоўненымі нянавісцю і злосцю. Тыя ж самыя людзі, якія віталі Хрыста, зараз крычаць: "Укрыжуй!" Езус ведаў, што Яго чакае, але да апошняга стараўся навярнуць людзей", - звярнуў увагу кс. Іван падчас казання.
Падчас галоўнай нядзельнай Імшы-Сумы, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. Мікалай, Літургія Пальмовай нядзелі распачалася малітвай на вуліцы, а пасля працэсія з міністрантаў і святароў увашла ў святыню, а вернікі клалі на падлогу галінкі вярбы на ўспамін тых часоў, калі такім чынам віталі Хрыста.
Фота Алёны Шаршунс і Марыны Сінкевіч

























































