“Каралева ружанца святога – маліся за нас”: глыбоцкія дзеці адпачылі ў Пятроўшчыне
- Падрабязнасці
- Апублікавана 21.06.2017 09:34
Пад такім дэвізам з 12 па 17 чэрвеня прайшоў каталіцкі летнік у Пятроўшчыне для 28 дзяцей з глыбоцкай парафіі. Такі дэвіз летніка быў выбраны нездарма, бо ў паўсюдным Касцёле зараз святкуецца 100-годзе фацімскіх аб’яўленняў.
Пасля таго, як у першы дзень дзеці выслухалі канферэнцыю пра гісторыю ружанцовай малітвы, пра яе паўстанне і развіццё, то ў наступныя дні яны разважалі пра фацімскія аб’яўленні. Панна Марыя падчас кожнага аб’яўлення заклікала Люцыю, Жасінту і Францішка маліцца на ружанцы кожны дзень. Кіруючыся гэтым марыйным заклікам, усе удзельнікі летніка кожны дзень супольна маліліся на ружанцы. А падчас штодзённых спатканняў у групах, якія праводзілі аніматары, разважалі над таямніцамі ружанца святога, і кожны дзень паказвалі тэатральныя пастаноўкі на паасобныя таямніцы.
Калі дзеці знаходзіліся на адпачынку, у паўсюдным касцеле адзначалася ўрачыстасць Божага Цела і Крыві (15 чэрвеня), падчас якой, згодна з традыцыяй вернікі ідуць працэсіяй да 4 алтароў. Такая працэсія таксама адбылася і ў Пятроўшчыне. Удзельнікі летніка разам з мясцовымі жыхарамі прайшлі працэсіяй да 4 алтароў, адзін з якіх быў прыгатаваны дзецьмі. Працэсію ўзначаліў а. Яраслаў з Удзела, які апякуецца капліцай у Пятроўшчыне.
У вольны час ад спатканняў і працы ў групах дзеці бавіліся ў розныя гульні, танцавалі, удзельнічалі ў конкурсах, глядзелі фільмы.
У суботу, апошні дзень летніка, дзеці атрымалі памятныя дыпломы ўдзельніка каталіцкага летніка ў Пятроўшчыне, а пасля супольнага абеду раз’ехаліся дахаты са смуткам, бо хацелі яшчэ застацца на нейкі час.
Дк. Алег Хмылко














































