Аўтобусная пілігрымка па святынях Міншчыны і Гродзеншчыны
- Падрабязнасці
- Апублікавана 27.06.2018 10:07
Незабыўная пілігрымка адбылася для нашых парафіянаў 23-24 чэрвеня. У гэтыя дні мы разам з нашым пробашчам кс. Мікалаем і с. Людмілай наведалі цудоўныя храмы Мінска–Магілёўскай і Гродзенскай дыяцэзіі.
Шчырая атмасфера поўная даверу Пану Богу і Маці Божай суправаджала нас увесь час падарожжа.
Усё ўбачанае перапаўняе сэрца пачуццямі, якія вельмі цяжка перадаць словамі. Святыні, якія мы наведалі, як казаў наш пробашч, - сапраўдныя пярлінкі зямлі беларускай, дзе вякамі захоўвалася вера, дзе і зараз гучыць Божае слова на карысць людзям.
Як жа цудоўна зіхацелі вочы пілігрымаў у бляску велічнага ўбранства Гродзенскага фарнага касцёла, з якой надзеяй звярталі малітвы вернікі да Маці Божай Тракельскай, з захапленнем углядаліся ў непараўнальна–ўзнёслыя святыні ў Мядзеле, Вілейцы, Маладзечне, Івянцы, Лідзе, Ліпнішках, Іўе, Гальшанах, Гервятах. Якой веліччу дыхаюць сцены, намоленныя вякамі, старажытных муроў Нясвіжскага касцёлу! Гасцінна расчыніў перад намі свае дзверы касцёл у Міры. У кожнай святыні вернікі звярталіся да Пана Бога і Маці Божай са сваімі малітвамі, словамі падзякі, просьбамі.

Утульна адчувалі мы сябе у Навагрудку, дзе была адпраўлена святая Імша ў касцёле Святога Міхала ў нашых інтэнцыях.
Хутка праляцелі два дні ў падарожжы, але ўбачанае назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах, яшчэ доўга ў памяці мы будзем перабіраць гэтыя незабыўныя моманты. Можа так стацца, што гэта стане падарожжам да сваёй душы, да разумення сваёй сутнасці на шляху паяднання з Панам Богам.
Шчырыя словы ўдзячнасці ад імя ўсіх пілігрымаў нашаму духоўнаму настаўніку ксяндзу Мікалаю за атрыманую магчымасць дакрануцца да каштоўнага скарбу духоўных святыняў.
Алена Аксновіч, тэкст
с. Людміла Рубніковіч, фота



























