Ружанец у маім жыцці
- Падрабязнасці
- Апублікавана 09.10.2018 22:19
Хвала Хрысту!
У дзяцінстве, гуляючы з лялькамі, я часта бачыла, як мама малілася на ружанцы: жагналася, шаптала малітву, перабірала пацеркі. Мне хацелася мець свой ружанец, але той адзіны ляжаў на бажніцы і забаўляцца з ім не дазвалялася. Хутка навучылася маліцца і ружанец стаўся для мяне своеасаблівай падтрымкай. Трэба здаваць экзамены: - Матачка Божая, дапамажы! Каб паступіць вучыцца, каб на працы ўсё атрымлівалася – выслухай нас, Маці! Каб дзеткі былі здаровымі, каб сям’я была моцнай, зноў звярталася да Пана Бога і нашай нябеснай Заступніцы.
Так праходзіла маё жыццё і так праходзіць жыццё кожнага верніка, а як яно заканчваецца, то зноў у халодную руку чалавека кладуць ружанец.
6 кастрычніка я прымала ўдзел у ІІ Ружанцовым кангрэсе ў Магілёве. Пад вялікім уражаннем знаходжуся ад убачанага і пачутага. Канферэнцыі, даклады, сведчанні аб плёнах ружанцовай малітвы ў жыцці людзей, пакінулі вялікае ўражанне. Я адкрыла для сябе асобу св. Тамаша Аквінскага, доктара Касцёла, і жаданне больш даведацца пра гэтага слыннага святога.
Супольная малітва, разважанні таямніц Святога Ружанца перад Найсвяцейшым Сакрамантам, сустрэчы і знаёмствы – ўсё гэта дапамагае ўмацаваць і паглыбіць веру. “Бо толькі праз веру хрысціянская душа яднаецца з Богам, бо толькі вера кіруе чалавекам у зямным жыцці” (паводле св. Тамаша Аквінскага).
І яшчэ – другі Ружанцовы кангрэс дапамог мне зразумець, якім важным і моцным інструментам можа быць ружанчык - зброяй супраць выступаў д’ябла і лесвіцай да небе для вернікаў.
Алена Пірэйка










