Нядзеля Мукі Пана або Пальмовая нядзеля
- Падрабязнасці
- Апублікавана 14.04.2019 16:27
Сённяшняя нядзеля мае дзве назвы: Пальмовая і Нядзеля Мукі Пана. Гэтым днём мы распачынаем Вялікі тыдзень, у якім асаблівым чынам разважаем і перажываем цярпенні і смерць Езуса на крыжы Езус сам накіроўваецца ў горад Ерузалем, каб споўніліся ўсе прароцтвы і споўнілася Божая воля.
Сённяшняя нядзеля напоўненая трыумфальнай радасцю, але таксама і смуткам цярпення.
Мы заўважылі, як радасныя воклічы натоўпу: “Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”, якімі ўрачыста віталі Хрыста як цара, як Месію, вельмі хутка, праз паяць дзён, перамяніліся ў поўны нянавісці і злосці крык: “Укрыжуй Яго!”
Езус ведаў, што Яго чакае, але да апошняга, усімі магчымымі спосабамі імкнуўся навярнуць чалавека.
Божы Сын ужо не здзяйсняе цуды, Ён ужо амаль нічога не кажа, а толькі з цярплівасцю і пакорай нясе крыж нашых грахоў.
На ўваходзе ў Ерузалем Хрыста сустракалі як пераможцу, цара – пальмовыя галіны, кветкі, засланая плашчамі дарога. А праз некаторы час выводзяць Яго за горад як апошняга злодзея, які не заслугоўвае жыцця, а толькі смерці.
Езус прабачае ўсе гэтыя здзекі, прабачае нашы грахі. Праз сваю смерць Ён паказаў, што для Бога чалавек з’яўляецца нечым вельмі важным і каштоўным.
Радасць урачыстага ўезду Езуса ў Ерузалем для многіх аказалася кароткачасовай. Ці не адбываецца падобнае з нашай верай, ці не абмяжоўвацца яна тым каб некалькі разоў на год прыйсці ў Касцёл і нешта пасвенціць?
Ці не праслаўляем мы Бога толькі тады, калі нам радасна калі ўсё атрымліваецца, калі адчуваем сябе бяспечна? А калі сустрэнемся з цярпеннем, з бядой, ці не пачынаем мы наракаць, адварочвацца ад Бога і ці не становімся на баку тых, хто крычаў: “Укрыжуй Яго!”
Езус сёння прагне трыумфальна ўвайсці ў жыццё людзей. Езус хоча каб нашы сэрцы былі перапоўненыя Яго любоўю, а наша вера, нягледзячы ні на што, заставалася трывалай.
Няхай наша жыццё, нашы ўчынкі будуць радасным праслаўленнем і пацвярджэннем нашай веры ў Хрыста як сапраўднага Валадара і Збаўцу.
Кс. Іван Кароткін



























