Вялікая пятніца. Дыялогі з Крыжа
- Падрабязнасці
- Апублікавана 20.04.2019 00:04
Крыж – можна назваць адной з галоўных кніг Божага Аб’яўлення, кніг Святога Пісання, якую трэба вучыцца чытаць. Перад крыжом трэба стаяць або кленчыць, каб адчытаць, што сказаў нам Бог і што кажа нам далей. На Ім многа напісана… Крыж – гэта святая кніга, якая многа гаворыць чалавеку, але як здаецца, не да кожнага яна прамаўляе аднолькава. І нічога дзіўнага, бо не да кожнага прамаўляў Хрыстос са свайго крыжа, як гэта ўбачым за момант.
На пачатку хачу звярнуць нашу ўвагу на тое, што калі Хрыстос памёр на крыжы, то нават прырода адрэагавала і прамовіла да людзей пэўнымі знакамі. І некаторыя людзі іх уласціва прачыталі (Мц 27, 51-54). Ад сваёй публічнай дзейнасці Хрыстос прамовіў да людзей нямала. Ён прапаведваў ім Божае Валадарства і за зямное жыццё Ён не многіх пераканаў і навярнуў. Але сказаў, што “калі распраўлю рукі свае на крыжы, усіх прыцягну да сябе”. І сапраўды вельмі цікава, што па сённяшні дзень Крыж Хрыста прыцягвае ўвагу да сябе. Маўклівы, укрыжаваны Езус праз свой крыж прыцягвае да сябе ўвагу сусвету. Канешне па-рознаму. Але факт.

“крыжы, якія знялі ў Курапатах, яны (…) паказваюць уверх. На крыж трэба глядзець як на знак збаўлення, знак надзеі”. (9 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў інтэрв’ю беларускаму «Радыё Рацыя»),
“Больш за тое, акцыя зносу крыжоў праводзіцца падчас Вялікага посту, калі ўсе хрысціяне свой позірк скіроўваюць на Крыж Хрыста — знак нашага збаўлення і надзеі. З крыжам ваявалі атэісты, нішчылі яго. На вялікі жаль, сёння, калі афіцыйна няма дзяржаўнай ідэалогіі атэізму, яна зноў рэальна праяўляецца”. (Заява Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адносна сітуацыі ў Курапатах 4 красавіка 2019 г).
13 красавіка падчас суботніка, які праводзілі дзяржаўныя арганізацыі, у тым ліку федэрацыя прафсаюзаў, БРСМ, “Белая Русь”. Удзельнікі суботніка прыбралі ўсе металічныя крыжы, якія былі навідавоку – стаялі ўздоўж Мінскай кальцавой дарогі каля нядаўна ўсталяванага ўладамі плота. На месцы выдраных крыжоў высадзілі дрэвы. Патлумачылі гэта добраўпарадкаваннем – тым, што ва ўрочышчы “наводзяць парадак да Вялікадня”.
– Гэта нонсэнс, вар’яцтва. Як можна да Вялікадня – Уваскрасення Хрыстова, асноўнага свята хрысціянства, галоўны сімвал якога крыж, на якім Езус быў укрыжаваны і памёр за нашыя грахі, прыбіраць крыжы? – здзіўляюцца карыстальнікі ў сацсетках. (Katolik.life Красавік 13, 2019)/

На крыжы Езус вельмі мала гаварыў, але пакінуў нам словы, якія можам няспынна і па-новаму, ужывую чытаць заўсёды. Ён размаўляў са сваёй Маці і Янам, размаўляў з укрыжаваным з правага боку ад Яго злодзеем, (з тым, што з левага боку быў ад Яго, Езус не размаўляў) і размаўляў са сваім Айцом. Падсумоўваючы ўсе словы Езуса, кажуць што Ён сказаў толькі сем слоў (але не аб гэтым сёння).
Калі Ён прамовіў да сваёй Маці пад крыжам амаль нікога не было, а вакол, ніжэй гары было мноства людзей. І гэтыя людзі пыталіся размаўляць з Езусам. Толькі іх прамовы дадавалі Яму больш цярпення і горычы. «Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: “Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!” Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: “Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. <…> Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго…”» (Мц 27, 39-43)..

Прамаўляючы да Марыі і Яна, гэта былі першыя словы з крыжа, Хрыстос пакінуў нам запавет няспыннай, мацярынскай апекі Сваёй Маці над усім веруючым народам.

Другі важны дыялог з крыжа – гэта размова Езуса са злодзеем, які быў у Яго з правага боку. Адразу прашу заўважыць, што з тым чалавекам, які быў укрыжаваны злева ад Езуса, дыялог не адбыўся. Хоць разбойнік і звярнуўся да Хрыста са словамі “Няўжо Ты Хрыстос? Уратуй Самога Сябе і нас” (Лк 23,39). Лука падкрэсліў, што ён блюзніў, кажучы гэтыя словы. І гэты чалавек не быў варты ўвагі Езуса. Хрыстос з ім не размаўляў. З ім не было пра што размаўляць. Ёсць людзі і ёсць сітуацыі, у якіх няма сэнсу і няма аб чым размаўляць. І Хрыстос не ўдастойвае сваіх святых слоў гэтага чалавека, бо ў гэтым выпадку чалавек той ужо “безкарысны”. Езус удастойвае сваёй размовы, сваіх словаў толькі тых, хто каяцца, тых, хто адкрыты на Яго Слова.
Яшчэ раз падсумуем. У першым выпадку Езус размаўляе са сваёй Маці і любімым вучнем Янам. Яго суразмоўцы – гэта любімыя і верныя, нікуды не ўцёкшыя людзі. У другім выпадку суразмоўцам Езуса з’яўляецца чалавек, які церпіць і каяцца за свае грахі. Вось з такімі людзьмі Хрыстос яшчэ размаўляе. Хто церпіць і каяцца. З тымі, хто церпіць і азлабляееца, Хрыстос не размаўляе. Церпяць усе людзі, толькі адныя церпяць і каяцца, а другія церпяць і азлабляюцца. Вось для гэтых апошніх неба маўчыць і крыж ім нічога не гаворыць. А нават Сын Божы можа ад іх адвярнуцца. Заўважце, што і галаву Сваю Езус схіліў у правы бок, да таго, хто церпіць і каяцца. Хрыстос галаву Сваю схіляе да тых людзей, якія церпячы свой жыццёвы крыж звяртаюцца да Яго аб дапамозе, а не ўцякаюць ці наракаюць на жыццё.

І нарэшце Езус размаўляе са Сваім Айцом. Езус не размаўляе з крыжа ўжо больш нізкім, хто знаходзіўся недалёка ад Яго. Хоць аб іх ён раней прароча казаў: Пс 21 караля Давіда апісвае цярпенні Хрыстовы. З такой катэгорыяй людзей, як насмешнікі, багахульнікі і тыя, хто нагла топчуць Божыя законы, ведаючы іх, тыя, хто свядома працівяцца праўдзе – з такімі Божы Сын не размаўляе. І крыж Хрыстовы ім нічога сказаць не можа. Дарэчы Сын Божы толькі моліцца за іх “прабач ім Ойча, бо яны не ведаюць што робяць”. І мы не ведаем, што Айцец адказаў Яму. Толькі св. Ян у Евангеліі напісаў: “Айцец увесь суд аддаў Сыну”.

Яшчэ на крыжы Хрыстос прамовіў самыя страшныя словы. На арамейскай мове яны гучаць: “Элі, Элі, лэма сабактані” – “Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў?” У гэтых словах сканцэнтраваны ўвесь смутак і трагедыя сусвету: усе слёзы, усе цярпенні, прыніжэнні, беднасць, самотнасць, хваробы і г.д. Усё знаходзіцца ў гэтых словах, бо ўсё гэта адкупленае Хрыстом. Усё гэта Хрыстос ўзяў на Сябе і таму ў Ім нарадзіліся гэтыя страшныя словы - “Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў?”
І апошнія словы Хрыста на крыжы: “Ойча ў рукі твае аддаю Дух Мой” (Лк 23,46). Гэта фінал жыцця дзяцей Божых. Не “зямля хай будзе пухам” ці “у нашых сэрцах ты жыць будзеш” альбо “тое, што стварыў ты, будзе нам цябе прыпамінаць” і г.д. Толькі “Ойча – Творца і Жыццё маё, у рукі твае аддаю Дух Мой, каб быць з табой навекі”.
Кс. Мікалай Ціхановіч, казанне
Леанід Юрык, больш фота >>

















































