Christus vivit! У Браславе прайшлі Дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі

braslau DDM2019 17Christus vivit! Хрыстус жыве! - пад такiм дэвiзам з 22 па 25 ліпеня 2019 года прыходзілі Дыяцэзіяльныя Днi моладзi ў Браславе, якая аб'яднала сёлета каля 100 чалавек з розных парафiй. Менавiта такiмi словамi названа адгартацыя Папы Францiшка для моладзi, выдадзеная ў красавiку гэтага года. Наша моладзь разам з дк. Уладзіславам Шарковічам прыняла ўдзел ў гэтай сустрэчы.

Праграма гэтай сустрэчы была насычаная. Распачалося адкрыццё Дзён моладзi святой Iмшой, якую ўзначальваў бiскуп Алег Буткевiч. Таксама ў першы дзень адбылася канферэнцыя кс. Антона Лагунёнка, падчас якой святар заклiкаў моладзь змагацца з сённяшнiм сучасным светам толькi з Божай дапамогай. Напрыканцы дня адбылася Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта і размеркаванне на начлег. Мясцовыя жыхары вельмi цёпла i гасцiнна прынялi ўсiх удзельнiкаў сустрэчы.

На другi дзень адбылася бiблiйная сустрэча, якую праводзiў душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі і арганiзатар ДДМ кс. Алег Хмылко. У сваёй размове ён звярнуў увагу на тое, што ў гiсторыi каталiцкага Касцёла было шмат маладых людзей - Давiд, Iосiф, Эсфiр, Гедэон, Марыя, Марыя Магдалена, Езус. Але гэтыя людзi часамi нягледзячы на свой узрост, боязь змаглi прыняць Божую волю. На святой Iмшы ў сваiм слове кс. Антон Лагунёнак пазнаёмiў прысутных з асобай святой Брыгiды - апякункi Еўропы. Таксама ён дадаў, што ў сучасным свеце, дзе можна знайсцi ўсё ў інтэрнэце, не кожны цiкавiцца жыццём святых, iх прыкладам веры.

Вельмi ўразiла ўдзельнiкаў выстава i канферэнцыя Вольгi Чаркасавай "Два шляхi" з дабрачыннага фонду "Адкрытыя сэрцы". Вельмi балюча было чуць, што ў сучасным свеце не шануецца чалавечае жыццё: у шматлiкiх краiнах легалiзавана эўтаназiя, ЭКА, аборты...

На трэцi дзень былі арганізаваны катэхезы ў трох тэматычных групах з рознымi лектарамi: блогер Ася Паплаўская распавядала пра праслаўленне Бога ў сацыяльных сетках, Вольга Чаркасава знаёмiла з адносiнамi памiж мужчынамi i жанчынамi да шлюбу i iх псiхалогiяй, Iрына Малочка расказвала пра чысцiню, свабоду, магчымасцi чалавека. Кожны ўдзельнiк мог самастойна выбраць больш карысную для сябе тэму з лектарам.

Адметнасцю трэцяга дня была размова з бiскупам Вiцебскiм Алегам Буткевiчам. Загадзя моладзь падрыхтавала пытаннi для яго. Размова была вельмi цiкавая, бо пытаннi былi незвычайныя, арыгiнальныя. Напрыклад, хтосьцi спытаў: "Якая Ваша самая любiмая малiтва?" На што iерарх адказаў, што лiчыць удзел у святой Iмшы сваёй любiмай малiтвай. Таксама іерарх заклiкаў моладзь практыкаваць удзел у адарацыях: "Нават калi ты не будзеш нiчога казаць, а проста маўчаць - гэта таксама малiтва. Бог ведае ўсё, што ты хочаш у Яго папрасiць i за што падзякаваць".

Скончыўся трэцi дзень канцэртам каталiцкага гурта з Вiцебска "Talitha Kum". Падчас выступлення духоўны кiраўнiк гурта а. Тамаш Мiка падзялiўся з намi сведчаннямi аздараўлення.

Вельмi хутка завяршыліся Днi моладзi. I вось ўжо апошнi дзень. Падчас св. Iмшы бiскуп Алег звярнуў нашу ўвагу на асобу святога Якуба - першага мучанiка з апосталаў. Таксама кожнага ўдзельнiка чакаў падарунак ад ардынарыя - Youcat - Катэхiзiс Каталiцкага Касцёла для моладзi. "Спадзяюся, ён не будзе пылiцца ў вас на палiцы", - дадаў iерарх. Напрыканцы бiскуп Алег падзякаваў усiм арганiзатарам мерапрыемства, і благаславiў удзельнiкаў.

Асабiста мне вельмi спадабалася гэта цудоўная атмасфера, якая панавала ўсе гэтыя днi на сустрэчы. Было карысным спалучэнне малiтвы, канферэнцый з iнтэграцыйным часам. Усе гэтыя канферэнцыi, размовы, на мой погляд, заставяць плён у сэрцах моладзi.


Яна Барысевіч, тэкст
Дар'я Іваноўская, фота