«Мы разам!»: У Глыбокім прайшло мерапрыемства для людзей з абмежаванымі магчымасцямі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 21.10.2019 21:08
19 кастрычніка дабрачыннае таварыства "Caritas" пры парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім вось ужо у восьмы раз правяло мерапрыемства «Мы разам!» для асоб з псіхічнымі і фізічнымі захворваннямі, іх бацькоў і апекуноў.
Сама назва "Мы разам" кажа пра тое, што вельмі важна, каб мы знаходзіліся ў супольнасці, каб мы адчувалі руку блізкага нам чалавека, яго дыханне і біццё сэрца.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі каталіцкага касцёла, але і вернікі іншых хрысціянскіх канфесій. Спачатку ўдзельнікі спаткання сабраліся ў касцёле Святой Тройцы. Пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч прывітаў гасцей, якія прыбылі на мерапрыемства. Пасля ўдзельнікі імпрэзы прайшлі шэсцем ад касцёла да Гарадскога Дома культуры.
У Доме культуры гасцей спачатку пачаставалі з дарогі рознымі прысмакамі, якія былі на сталах накрытых прама ў зале, а потым распачалася забаўляльная праграма. Умова была адна – ніхто не павінен сумаваць. Удзельнікаў чакалі разнастайныя гульні, конкурсы і танцы. Пасля абеду, якім госці падсілкаваліся ў гасціннай сярэдняй школе №2, іх чакаў канцэрт, падрыхтаваны супрацоўнікамі Глыбоцкага гарадскога Дома культуры сумесна з удзельнікамі "Мы разам!".

"Усё што мы маем на гэтым свеце - гэта нашае жыццё. Нічога мы з сабой не возьмем, толькі нашы добрыя справы і ўчынкі, тое, ўто зраблі на гэтым свеце. Дзякуй за вашу дабрыню, усмешку, добрыя словы. Хачу пажадаць: шануйце адзін аднаго і ведайце, што гэтыя моманты, якія дае Бог, яны вельмі важныя ў нашым жыцці. Толькі сэрцам і душою жыве чалавек. Свет ніколі не зробім добрым, але яго можам зрабіш крыху лепшым",- прамовіў на заканчэнне сустрэчы дырэктар “Caritas” Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Аніскевіч.
Кс. Мікалай у сваю чаргу выразіў вялікую ўдзячнасць усім тым, хто дапамагае рэалізаваць гэты праект "Мы разам!": спонсарам, валанцёрам, прадстаўнікам свецкай улады і супрацоўнікам Дома культуры, якія заўсёды шчыра адчыняюць не толькі дзверы прыгожага будынку, але перадусім дзверы свайго сэрца, а таксама і самім удзельнікам свята.
Больш фота ў суполцы ВК>>
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота


































