Пра Будслаўскі фэст ва ўмовах пандэміі

budslau piligrymka 51З-за пандэміі каранавірусу каталіцкія біскупы Беларусі перанеслі Будслаўскі фэст, які павінен быў адбыцца 3-4 ліпеня, на пазнейшы час, які пакуль не вызначаны. Дата правядзення вялікіх урачыстасцяў у Будславе сёлета залежыць ад таго, як будзе развівацца эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне.

Тым не менш, ніякіх строгіх абмежаванняў на правядзенне набажэнстваў у Беларусі няма. Адбываюцца яны і ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай. Дзякуючы пастаяннай трансляцыі, якая вядзецца са святыні анлайн, ёсць магчымасць у любы момант памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай, а таксама духоўна далучыцца да штодзённых цэлебрацый.

Ніхто не забараняе наведваць Нацыянальны санктуарый паасобным пілігрымам. Паколькі ў апошні час сюды не прыязджаюць арганізаваныя групы, найпрасцей (і найбольш бяспечна) гэта можна зрабіць на асабістым транспарце.

30 мая - успамін Адведзінаў святой Альжбеты. Святыя Імшы: 7.00 - у «старым касцёле», 12.00 - перад цудатворнай іконай.
Гэты ўспамін традыцыйна святкуецца ў будслаўскай парафіі як адпуст. Тыя, хто ў гэты дзень наведаюць Нацыянальны санктуарый, могуць атрымаць поўны адпуст пры звычайных умовах.

1 ліпеня – 18.00

2 ліпеня – 9.00, 12.00, 18.00

15 жніўня - урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, з’яўляецца ў Будславе асаблівым днём. У гонар Унебаўзяцця была асвячана вялікая будслаўская базыліка; гэты тытул носіць таксама тутэйшая парафія. Згодна з адмысловым папскім прывілеем, выдадзеным 28 студзеня 1791 года, у гэтую ўрачыстасць у Будславе можна таксама атрымаць адпуст.

Тым, хто жадае сёлета наведаць Будслаў і асабіста памаліцца перад цудадзейным абразом, варта мець на ўвазе кожную з магчымасцяў удзелу ў адпустовых урачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі: 30 мая, 1 і 2 ліпеня, а таксама 15 жніўня.

З Санктуарыя Маці Божай Будслаўскай дзейнічае анлайн-трансляцыя. Святыя Імшы там цэлебруюцца:

нядзеля - 7.00, 10.00, 12.00
пн-пят - 7.00 і 18.00
суботу - 7.00 і 12.00

Па матэрыялах catholic.by