Біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамант канфірмацыі глыбачанам

biezmavannieУ нашай парафіі прысутнасць пастыра дыяцэзіі з’яўляецца вялікай радасцю і спосабам удзячнасці Пану Богу за знак Ягонай любові пастырскай да нашай супольнасці. Бежмаванне павінна было адбыцца шмат раней, але ў сувязі з эпідэміяй розныя мерапрыемствы і праекты былі перанесены на пазнейшы тэрмін. 20 верасня, у 25 звычайную нядзелю, дайшло да рэалізацыі жаданне, каб пэўная частка парафіян адкрыла сваё сэрца на асаблівую ласку Духа Святога.

У сваім прывітальным слове Віцебскі ардынарый адзначыў, што Дух Святы есць тым, хто аднаўляе. “У гэтым годзе асаблівым чынам успамінаем словы, з якімі святы Ян Павел ІІ прыехаў упершыню як пераемнік св. Пятра на Бацькаўшчыну, - заклік “Няхай сыйдзе Дух твой і адновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі!” Сёння мы маем чарговую магчымасць запрасіць Духа Святога ў нашыя сэрцы, бо перамена жыцця, перамена аблічча чалавека, грамадства распачынаецца перадусім з сэрца. Няхай Дух Святы гэтую змену ў нашых сэрцах сёння здзейсніць”.

Падчас урачыстай святой Імшы, 83 кандыдаты да сакраманту канфірмацыі разам з усімі вернікамі вызналі сваю веру, адракліся ад граху і прасілі, каб Дух Святы ўмацаваў іх у мужным вызнаванні веры і жыцця паводле яе праўдаў.

Напачатку сваёй гаміліі біскуп адзначыў, што сёння маем шанец наноў перажыць той момант, што перажылі калісьці апосталы – спасланне Суцяшыцеля з нябёсаў, спаўненне абяцання Езуса Хрыста. “Папа Францішак, каментуючы момант Пяцідзесятніцы, калісьці сказаў, што тады ў галовах апосталаў здарыўся “пераварот Каперніка”. Яны зразумелі, што не з'яўляюцца галоўнымі, але Езус Хрыстус. Варта зразумець кожнаму з нас, што не я галоўны ў жыцці, не вакол мяне павінен круціцца муж ці жонка, дзеці, Касцёл з пробашчам. Няхай жа такі пераварот сёння здзейсніць Дух Святы і ў вашых сэрцах”, - пажадаў біскуп Алег.

Пасля ўрачыстага бласлаўлення, канфірмаваныя скіравалі словы падзякі за ўдзелены сакрамант біскупу Алегу і святарам парафіі за падрыхтоўку, малітоўную падтрымку, словы навукі і сакрамант споведзі.

biezmavannie2020

Фотаздымкі ў суполцы ВК>>