Дзень устанаўлення Эўхарыстыі і святарства. Віншуем нашых пастыраў!
- Падрабязнасці
- Апублікавана 14.04.2022 23:10
Дарагія нашы любыя і шаноўныя кс. пробашч Мікалай і кс. Алег!
Ад імя ўсёй нашай парафіяльнай сям’і шчыра віншуем Вас з Днём устанаўлення сакрамантаў Эўхарыстыі і Святарства!
Езус, развітваючыся са сваімі вучнямі, прамовіў: “Я з вамі аж да сканчэння свету”. Ён пажадаў застацца з намі ў Найсвяцейшым Сакраманце, Ён жывы і прысутны тут і цяпер у нашай Беларусі, у нашым Глыбокім, Ён чыніць цуды, аздараўляе Вашымі рукамі, прамаўляе да нас вашымі вуснамі, дакранаецца да сэрца кожнага, хто Яго шукае. Першы свой дотык Божай любові кожны з нас атрымлівае падчас хросту менавіта з рук святара. Першая сустрэча з Богам, дзякуючы Вам, нашы любыя святары!
Святар – чалавек, які нясе святло там, дзе цемра, які дае надзею, тады, калі падступае роспач, які дае любоў, тады, калі здаецца, што ты зусім адзін у гэтым жыцці.
Святар – гэта наш праваднік, які злучае нас з Богам у сакраманце споведзі, адкрывае яго наноў кожны дзень, адкрывае Яго веліч і прыгажосць. Мы праслаўляем Бога за Вас, кс. Мікалай і кс. Алег, за Вашу адданасць і шчырасць, вернасць і адкрытасць на патрэбы сваіх вернікаў. Дзякуем Богу за Вашае служэнне і жадаем, каб Гасподзь і надалей адкрываў для Вас новыя гарызонты.
Мы дзякуем Богу за пакліканні з нашай парафіі. Жадаем, каб нашыя семінарысты Антон і Аляксандр узрасталі і мацнелі ў веры з Езусам, давяраючы Яму кожны свой крок, каб былі смелымі і вернымі Яго вучнямі.



















