Першая святая Камунія

1kamunia 29У цудоўны майскі дзень, у нядзелю Спаслання Духа Святога 28 мая ў нашай парафіі адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі. 27 дзяўчынак і хлопчыкаў упершыню прынялі Цела Хрыста ў свае чыстыя, поўныя Веры сэрцы. Дзеці рыхтаваліся да ўрачыстасці два гады.

Маленькія глыбачане ў белым убранні ўпершыню прынялі Цела і Кроў Хрыста, што з’яўляецца важным момантам у жыцці хрысціяніна. Разам з імі ўрачыстасць перажывалі іх бацькі, бабулі, дзядулі, а таксама родныя і блізкія.

Бацькі маленькіх парафіян выказалі глыбокую ўдзячнасць за дар Эўхарыстыі, які здзяйсняецца няспынна праз рукі святара. Словы падзякі былі скіраваны і катэхетцы с. Людміле за падрыхтоўку дзяцей да гэтай падзеі, любоў, усмешку і прыклад веры, які дзеці атрымліваюць кожны раз, калі прыходзяць у касцёл.

1kamunia 46

Зараз для дзяцей, якія прыступілі да Першай Камуніі, праходзіць «белы тыдзень», як называецца тыдзень пасля яе прыняцця. Кожны дзень яны збіраюцца ў касцёле на святую Імшу.

На заканчэнне тыдня яны разам з бацькамі наведаюць Нацыянальны санктуарый Маці Божай з нагоды малітоўнай сустрэчы ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.


Вялікі фотарэпартаж Марыны Сінкевіч па спасылцы >>