А што ты ўбачыў у люстэрку сваёй душы?
- Падрабязнасці
- Апублікавана 13.06.2023 21:44
Рэкалекцыі "Зазірні ў люстэрка сваёй душы" прайшлі з 9 па 11 чэрвеня ў кляштары Сясцёр францішканак Сям'і Марыі ў Глыбокім. Сабралася моладзь не толькі з нашай парафіі, але і з Полацка, Дзеркаўшчыны, Оршы. Праводзіў рэкалекцыі а. Ілля Саўчанка MIC.
"Распачаць летні адпачынак пасля экзаменаў разам, з малітвай і праслаўленнем Пана - маё лепшае рашэнне," - прызналася адна з удзельніц рэкалекцый. І з гэтымі словамі нельга не згадзіцца, бо варта трываць у Хрысце заўжды, нават падчас "шэрых будняў".
Першы дзень рэкалекцый пасля знаёмства, супольнай малітвы скончыўся Адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту.
На другі дзень для ўдзельнікаў рэкалекцый была арганізавана экскурсія ў касцёл Святой Тройцы і сабор Раства Прасвятой Багародзіцы. Пасля адбыўся вясёлы вечар з танцамі, гульнямі для моладзі. А напрыканцы моладзь разам сабралася ў капліцы на малітву праслаўлення.
Падчас казанняў і канферэнцый а. Ілля выказаў шмат трапных думак, якія дазволяць моладзі правесці лета з карысцю для душы. Але асноўнымі "слупамі" духоўнага жыцця кожнага з нас павінны быць наступныя: Біблія, Малітва, Эўхарыстыя і Супольнасць. "Ніколі, нават у самыя цяжкія хвіліны свайго жыцця не забывай, што Бог цябе любіць. І ён добры," - прамовіў падчас адной з канферэнцый а. Ілля Саўчанка.
3 дні "праляцелі" так хутка, што не хацелася развітвацца і вяртацца ў звычайны рытм жыцця. Дзякуй а. Іллі і сёстрам францішканкам за гэты плённы час!
Яна Барысевіч, тэкст
с. Людміла Рубніковіч, фота