#ГлыбокаеБудслаў2023

budslau piligrymy 24“Маці Будслаўская, Маці Святая, перад Табою галовы схіляем…” Спеў, вядомы кожнаму пілігрыму, здавалася, ахінаў малітвай вуліцы Глыбокага 28 чэрвеня. Гэта вырушыла пілігрымка “Глыбокае - Будслаў”.

170 чалавек аб’яднала супольная мэта – шлях да Маці Божай і супольная тэма пілігрымкі “Любі Езуса сэрцам Марыі.

Духоўнай апекай пілігрымаў займаліся святары: Віктар Мялешка, Іван Кароткін, Дзмітрый Рацько, дзецьмі апекавалася сястра Ганна Блышко.

Шлях быў напоўнены малітвай, канферэнцыямі, хрысціянскімі спевамі. На першым начлезе – у Дзеркаўшчыне – адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Гэта стаў час асаблівага спаткання з Езусам Хрыстом, часам, калі кожны мог стаць у праўдзе перад сваім Стварыцелем і Збаўцам.

У Сітцах – на месцы другога начлегу – святары і вернікі арганізавалі вясёлы вечар з танцамі і супольнай малітвай.

Цэнтральным момантам кожнага дня была Эўхарыстыя. Час, калі пілігрымы атрымлівалі пасілак Божага слова і прымалі Езуса Хрыста ў сэрца.

Трэці дзень скончыўся шчаслівым спатканнем – пілігрымы прыйшлі да сцен Будслаўскай святыні. Там кранаючымі словамі “Заходзьце, Маці чакае” сустрэў кусташ санктуарыя кс. Дзмітрый Дубовік.

З малітоўным спевам “Каралева супакою, маліся за нас” вернікі схілялі калені перад абразом Багародзіцы, давяраючы ўсе свае справы ў апеку Божай Маці і Маці кожнага з нас.

budslau piligrymy 44

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Вялікі фотарэпартаж па спасылцы >>
Святлана Місевіч, відэа