“Вы здзейснілі сапраўдны подзвіг”. Пілігрымка #ГлыбокаеБраслаў2023
- Падрабязнасці
- Апублікавана 20.08.2023 23:58
Шлях любові, дарога даверу, час выпрабаванняў, моманты пакоры, хвіліны духоўнага паяднання супольнасці… Дзеля кожнага пілігрыма, тры дні па дарозе з Глыбокага ў Браслаў, свой уласны досвед, але, несумненна, усіх аб’ядноўвае адно: крокі радасці Божага дзіцяці пад самай дасканалай Мацярынскай апекай і ласкай.
Пілігрымка да Маці Божай Браслаўскай Валадаркі азёраў распачалася 17 жніўня пасля ранішняй святой Імшы ў касцёле Святой Тройцы. Разам з пілігрымамі ў дарогу “вырушылі” промні гарачага сонейка, якія суправаджалі калону да самага санктуарыя ў Браславе. Але, нягледзячы на спякоту, каля 100 пілігрымаў з Глыбокага, Полацка, Оршы, Гродна і нават з Разані (Расія) пад кіраўніцтвам пробашча парафіі кс. Мікалая Ціхановіча, а таксама падтрымкай святароў Віталія Гальца, Дзмітрыя Рацько, Алега Хмылко, Іллі Саўчанка пераадолелі больш за 85 кіламетраў. “Вы здейснілі сапраўдны подзвіг”, – прагучала не раз з вуснаў біскупа Алега Буткевіча падчас урачыстасцяў у Браславе. Пасля такіх слоў кожны пілігрым адчуваў сябе нібы герой неверагоднага падарожжа, якое стала магчымым з вялікай падтрымкі і любові Бога, а таксама апекі Найсвяцейшай Панны Марыі.
Першы дзень “гераічнага” маршрута праходзіў праз Пятроўшчыну, дзе пілігрымы падсілкаваліся смачным абедам, каб дайсці да пастаўленай мэты – касцёла ў Шаркаўшчыне. Менавіта там падарожных разабралі мясцовыя парафіяне, якія разам са сваім святаром арганізавалі начлег напоўнены радасцю хрысціянскіх зносін. Другі дзень завяршыўся начлегам у Барадзенічах, дзе ў касцёле Святога Юзафа адбыўся цудоўны вечар з малітвай праслаўлення і Адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. У гэты вечар пілігрымы маглі праславіць Госпада, а таксама ў цішыні сэрца скласці Яму свае падзякі і падзяліцца перажываннямі. На трэці дзень пілігрымавання сэрцы Божых дзяцей згодна з нягласным гімнам пілігрымкі, песняй “Навучы маё сэрца танчыць”, і сапраўды рухаліся ў рытме радаснага адчування надыходу галоўных момантаў дзён: ушанавання абраза Маці Божай Валадаркі азёраў і ўдзелу ў святой Імшы. Трэба адзначыць, што на працягу ўсёй пілігрымкі ў дарозе трывала Ружанцовая малітва, якая была моцным духоўным ланцужком для ўсіх прысутных. Кожны дзень, молячыся чатыры часткі Святого Ружанца, пілігрымы ўзносілі да Наймілейшай Маці не толькі ўласныя падзякі і просьбы, але і далучалі да іх інтэнцыі парафіян, дасланыя праз вайбер.
Апынуўшыся каля прыступак санктуарыя ў Браславе пілігрымы былі шчодра акропленыя святой вадой і прывітаныя біскупам Алегам. «Марыя - Ахоўніца згоды і супакою» - пад такім дэвізам праходзілі сёлетнія ўрачыстасці. Падтрымліваючы гэты цудоўны заклік, стомленыя, але шчаслівыя і натхнёныя, усе ўвайшлі ў храм, спяваючы такую блізкую кожнаму сэрцу песню “Каралева супакою, маліся за нас”.
Мы павінны заўжды клапаціцца аб тым, каб у нашай жыццёвай пілігрымцы Маці Божая ішла наперадзе, бо Яна заўсёды вядзе нас да шчасця, дапамагае і паказвае добры шлях да Нябеснага Валадарства.
Святлана Місевіч, тэкст
Вялікі фотарэпартаж пілігрымаў па спасылцы >>