Рэліквіі святога Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага прыбылі ў нашу парафію

relikvii felinski 04У нядзелю першага кастрычніка вернікі парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім перажывалі важную і радасную падзею. Падчас Імшы а 13 гадзіне адбылося ўрачыстае ўнясенне ў святыню і ўшанаванне рэліквій святога Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага.

Зыгмунт Шчэнсны нарадзіўся ў 1822 годзе ў Ваюціне на Валыні. Выхоўваўся ў рэлігійна-патрыятычнай атмасферы, з маленства ўшаноўваў і любіў Маці Божую. Паступіў у духоўную семінарыю і ў 1855 годзе прыняў святарскае пасвячэнне ў Санкт-Пецярбургу.

У 1857 г. заснаваў Кангрэгацыю сясцёр францішканак Сям’і Марыі, якой даручыў апеку над дзецьмі, хворымі і старымі.

Памёр у Арцыбіскупскім палацы ў Кракаве 17 верасня 1895 г. Арцыбіскуп Зыгмунт Шчэнсны Фелінскі быў беатыфікаваны 18 жніўня 2002 г. св. Янам Паўлам ІІ у Кракаве. Кананізацыю ў кастрычніку 2009 г. здзейсніў Папа Бэнэдыкт XVI.

Сёстры францішканкі Сям’і Марыі служаць у Беларусі з 1990 года і маюць дамы ў Варапаеве і Глыбокім.

Перад Імшой сабраным вернікам была прадстаўлена прэзентацыя пра жыццёвы шлях святога арцыбіскупа, а таксама пра заснаванне і служэнне Кангрэгацыі сясцёр францішканак.

Імша распачалася з урачыстага ўнясення рэліквій і прывітальнага слова пастыра Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча, які ўзначаліў цэлебрацыю.

Трэба зазначыць, што разам з запрошанымі святарамі і законнымі сёстрамі на свяце прысутнічалі асаблівыя госці — Маці Генеральная — с. Малгажата Бурэк, генеральная вікарыя — с. Ванда Мікіцка, генеральная сакратарка — с. Ганна Мацяеўска.

relikvii felinski 05

Падчас гаміліі біскуп Алег Буткевіч засяродзіў увагу над Евангельскай прыпавесцю пра двух сыноў. Першы спачатку адмовіў айцу ў просьбе пайсці працаваць на вінаграднік, а потым навярнуўся. Другі ж згадзіўся выканаць волю айца, але потым яе не выканаў.

«Сёння мы маем прыклад св. Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага, святара, які адкрываў сваё пакліканне ў няпростыя часы 19 стагоддзя. Можна з упэўненасцю сказаць, гэты сын выканаў волю Айца. Адкрыўшы пакліканне, ён захацеў дапамагаць іншым людзям, сваім суайчыннікам.

Жадаючы агарнуць апекай убогіх, дзяцей, сірот, ён засноўвае Канрэгацыю сясцер францішканак Сям’і Марыі.

Плёны служэння сясцёр мы бачым і сёння, тут у Глыбокім. І праз заступніцтва святога арцыбіскупа Фелінскага молімся за іх у гэты дзень».

Напрыканцы Імшы рэліквіі былі перанесеныя ў капліцу Маці Божай Падхорнай Глыбоцкай, куды кожны вернік можа прыйсці для ўшанаваня і малітвы аб заступніцтве.


Узнёсласць і яшчэ большую радасць урачыстасці надавала тое, што сёлета 25 год манаскага жыцця адзначаюць тры сястры з Глыбоччыны: сястра Вераніка Дземідовіч, сястра Таццяна Данч і сястра Ганна Блышко, прысутная на Эўхарыстыі.

Словы падзякі і пажаданняў прагучалі ў адрас сястры Ганны, а потым парафіяне разам памаліліся за сясцёр юбілятак.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа