Глыбоцкія міністранты прынялі ўдзел у адкрытым турніры Віцебскай дыяцэзіі па міні-футболе

mery turnir 0411 ліпеня з нагоды юбілею 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі ў Мёрах прайшоў адкрыты турнір па міні-футболе сярод міністрантаў. У спаборніцтвах прынялі ўдзел чатыры каманды з трох дыяцэзій: Віцебскай, Гродзенскай і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Прыняць удзел у спаборніцтвах акрамя гаспадароў пажадалі каманды міністрантаў з Глыбокага, Гервятаў (Гродзенская дыяцэзія) і Маладзечна (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Праграма турніру распачалася ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе ўдзельнікаў спаборніцтва прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Пасля супольнай малітвы і бласлаўлення Найсвяцейшым Сакрамантам, краязнаўца Вітольд Ермалёнак пазнаёміў прысутных з гісторыяй мёрскай парафіі і касцёла.

Затым адбылася жараб'ёўка каманд, якую правялі біскуп Алег Буткевіч і пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік. Вызначыўшыся з ходам гульні, усе разам накіраваліся на стадыён Міёрскай сярэдняй школы №3, дзе ўжо сабраліся гледачы і госці імпрэзы.

Прысутных на спартыўнай пляцоўцы прывітаў ініцыятар спаборніцтва — вікарый ксёндз Алег Зямчонак. Права распачаць турнір і забіць першы гол атрымаў біскуп Алег, якому арганізатары турніру падаравалі адмысловую футболку гульца з першым нумарам.

Гульня была настолькі цікавай, што першы этап спаборніцтва праляцеў незаўважна. Каб падмацаваць сілы перад выніковымі матчамі, удзельнікі спаборніцтва накіраваліся на абед, які быў арганізаваны ў сталовай ААТ "Металапракатная кампанія".

Бронзавыя медалі ў І турніры Віцебскай дыяцэзіі па міні-футболе заваявала каманда міністрантаў з парафіі ў Гервятах, а сярэбраныя — каманда з Маладзечна. Залатыя медалі і кубак турніру атрымалі гаспадары спаборніцтва. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і падарункі, спонсарам якіх стаў Нацыянальны Карытас на чале з яго дырэктарам ксяндзом канонікам Андрэем Аніскевічам.

Падчас турніру міністранты спаборнічалі не толькі на футбольным полі, але і прадэманстравалі свае здольнасці ў веданні Літургіі і Святога Пісання. Лепшымі ў конкурсе Літургічных ведаў сталі міністранты з Глыбокага, другое месца — Мёры, трэцяе — Маладзечна.

mery turnir 22


Паводле kascelmery.by