Habemus Papam: Леў XIV стаў 267-м Наступнікам Святога Пятра

papa leo18 мая 2025 года, Каталіцкі Касцёл атрымаў новага Пастыра. Кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост быў абраны Папам і прыняў імя Леў XIV. Кардынал-протадыякан Дамінік Мамбэрці агучыў традыцыйную формулу "Habemus Papam" з цэнтральнага балкона Базілікі Святога Пятра прыкладна ў 19.15 па рымскім часе.

Пасля з'яўлення белага дыму над Сікстынскай капэлай каля 18.10 вернікі з усяго свету з нецярплівасцю чакалі першага выхаду новага Пантыфіка. Плошча Святога Пятра была запоўнена тысячамі людзей, якія сустрэлі абвяшчэнне імя новага Папы воклічамі радасці і апладысментамі.

Annuntio vobis gaudium magnum: Habemus Papam!

Новы Пантыфік з'явіўся на балконе ватыканскай базілікі ў белай сутане і ўпершыню звярнуўся да вернікаў як Папа. Затым ён удзяліў традыцыйнае бласлаўленне "Urbi et Orbi" ("Гораду і Свету").

Роберт Фрэнсіс Прэвост нарадзіўся 14 верасня 1955 года ў Чыкага, ЗША. Духоўны шлях прывёў яго да служэння ў якасці місіянера, а затым і да вышэйшых пасад у Каталіцкім Касцёле. З 30 студзеня 2023 года да 21 красавіка 2025 года ён займаў пасаду прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў і адначасова быў старшынёй Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі.

Былы прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў і кардынал амерыканскага паходжання Роберт Фрэнсіс Прэвост стаў 267-м Папам, прыняўшы на сябе пятровае служэнне пасля адыходу ў вечнасць...

Першы амерыканец на Пасадзе Пятра

Канклаў, які пачаўся 7 мая 2025 года, завяршыўся абраннем новага Папы пасля чатырох тураў галасавання. У канклаве прынялі ўдзел 133 кардыналы-выбаршчыкі ва ўзросце да 80 гадоў.

Згодна з традыцыяй, перад з'яўленнем на балконе Базілікі Святога Пятра новаабраны Папа памаліўся ў Паўлінскай капэле Апостальскага палаца, дзе ўшанаваў Маці Божую.

Прэвост вядомы сваім місіянерскім духам і адданасцю евангелізацыі, а таксама адміністрацыйнымі здольнасцямі, якія ён праявіў на розных пасадах у Касцёле. Яго абранне Папам Рымскім адкрывае новую старонку ў гісторыі Каталіцкага Касцёла, дзе яго міжнародны досвед і пастырскае бачанне могуць дапамагчы ў вырашэнні сучасных выклікаў, з якімі сутыкаецца Касцёл па ўсім свеце.

У першыя дні свайго пантыфікату новы Пантыфік правядзе шэраг сустрэч з кардыналамі і прадстаўнікамі Рымскай курыі. На працягу бліжэйшых дзён будзе абвешчана дата афіцыйнай інтранізацыі, падчас якой адбудзецца ўрачыстая святая Імша пачатку пантыфікату.

На інтранізацыю новага Пантыфіка, паводле традыцыі, прыбудуць дэлегацыі з усіх краін свету, з якімі Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны, а таксама прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій.

Папа Леў XIV у сваім першым звароце заклікаў да міру ў свеце“Супакой вам!” – такімі словамі Леў XIV пачаў свой першы зварот, які скіраваў да Касцёла і ўсяго свету ўвечары 8 мая 2025 года з лоджыі благаслаўленняў Базілікі Святога Пятра.

Герб новага Пантыфіка: лілія, прабітае сэрца і еднасць у Хрысце

10 мая 2025 года быў абнародаваны афіцыйны герб Папы Льва XIV, які захоўвае пераемнасць з яго біскупскім гербам, але дапоўнены традыцыйнымі папскімі атрыбутамі. Гербавы шчыт вянчае мітра з трыма гарызантальнымі залатымі палосамі, якія сімвалізуюць старажытную папскую тыяру з трыма каронамі, і скрыжаванымі ключамі – традыцыйным сімвалам папскай улады.

papa leo

Гербавы шчыт дыяганальна падзелены на дзве часткі. Верхняя частка мае блакітны фон з белай ліліяй – сімвалам чысціні, які традыцыйна атаясамліваецца з Дзевай Марыяй. Ніжняя частка на светлым фоне ўтрымлівае выяву, якая адлюстроўвае прыналежнасць Пантыфіка да Ордэна Святога Аўгустына: закрытую кнігу, на якой размешчана сэрца, прабітае стралой.

Гэты вобраз адсылае да духоўнага досведу навяртання святога Аўгустына, які сам апісваў словамі "Vulnerasti cor meum verbo tuo" – "Ты прабіў маё сэрца сваім Словам".

На гербе захаваны девіз, які Роберт Прэвост выбраў яшчэ будучы біскупам: "In Illo uno unum" ("У Ім адзіным мы адзіныя"). Гэтыя словы належаць святому Аўгустыну з яго прамовы "Тлумачэнне Псальма 127", дзе ён заўважае, што "хоць нас, хрысціян, шмат, у адзіным Хрысце мы з'яўляемся адзіным цэлым".

Выбар гэтага дэвіза і сімволікі герба адлюстроўвае глыбокую сувязь Льва XIV з аўгустынскай духоўнасцю і падкрэслівае яго імкненне да еднасці Касцёла.

Папскі герб традыцыйна з'яўляецца важным элементам візуальнай ідэнтычнасці пантыфікату і будзе выкарыстоўвацца на афіцыйных дакументах і ў розных месцах Ватыкана на працягу ўсяго яго служэння.

Пачатак новага этапу ў жыцці Касцёла

У найбліжэйшыя дні чакаецца абнародаванне першых рашэнняў і прызначэнняў новага Пантыфіка, якія могуць даць уяўленне пра прыярытэты яго пантыфікату і накірункі далейшага развіцця Каталіцкага Касцёла.

З абраннем Папы Льва XIV пачынаецца новая старонка ў гісторыі Каталіцкага Касцёла, які налічвае каля паўтара мільярда вернікаў па ўсім свеце, якія аб'ядноўваюцца ў малітве за новага Пастыра і яго служэнне Касцёлу і ўсяму чалавецтву.

Паводле Vatican News