35 гадоў служэння сясцёр францішканак Сям'і Марыі ў Беларусі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 22.09.2025 12:11
21 верасня ў нашым касцёле адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды 35 гадоў служэння сясцёр францішканак Сям'і Марыі ў Беларусі і менавіта ў глыбоцкай парафіі.
На юбілейную ўрачыстасць прыбылі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, святары і кансэкраваныя асобы з суседніх парафій, прадстаўнікі мясцовай улады. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся пробашч парафіі Святой Тройцы ксёндз канонік Мікалай Ціхановіч.
Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч, які маліўся ў інтэнцыі сясцёр-юбілярак.
У разважанні над Божым словам іерарх засяродзіў увагу на духоўным аспекце жыцця чалавека, на неабходнасці прабачэння. Усё тое, што маем, маем дзякуючы Божай ласцы. Што мы можам забраць у вечнасць? Толькі духоўныя набыткі. Сродкі, якія маем, павінны быць сродкамі служэння Богу і іншым людзям. Мэтай жыцця чалавека ёсць вечнасць. Калі чалавек пра гэта забывае, то на месца Бога становіцца мамона. Але неразумны чалавек, які спадзяецца на матэрыяльныя сродкі. Заўсёды Бог павінен стаяць на першым месцы. Калі чалавек гэта зразумее, то ўсё становіцца на свае месцы. Таксама біскуп Алег пазнаёміў з жыццём заснавальніка кангрэгацыі сясцёр францішканак Сям“і Марыі святога Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага, які хацеў, каб сёстры жылі як сапраўдная сям“я, цалкам прысвяцілі сябе Богу і апецы над патрабуючымі. Іерарх падзякаваў сёстрам за працу і пажадаў багатага плёну.
У працэсіі дароў сёстры прынеслі да алтара кветкі, ваду, віно, гостыю.
Біскуп Алег удзяліў сёстрам асаблівае пастырскае блаславенне.
Пасля святой Імшы сястра Людміла Рубніковіч правяла прэзентацыю, прысвечаную дзейнасці сясцёр францішканак у парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім. Вельмі ўзрушыла відэавіншаванне біскупа Кірыла Клімовіча з Іркуцка, які запрасіў сясцёр у 1990 годзе да служэння ў Глыбокім. Парафіяне падзяліліся сведчаннямі пра жыццё і працу сястры Альжбеты Венерскай, якая першай прыехала ў парафію з Польшчы, сясцёр Габрыэлі і Тэрэзы.
На сённяшні дзень у кляштары, які быў пабудаваны ў 2002 годзе, жывуць і ахвярна працуюць тры сястры: с.Людміла Рубніковіч, с. Ганна Блышко, с. Валянціна Лішэнка. Ёсць таксама пляцоўка ў Варапаеве, дзе працуюць с. Марыяна Гроць і Таццяна Данч.
Найбольш актуальны напрамак дзейнасці сясцёр – праца па рэлігійным і маральным выхаванні дзяцей і моладзі, падтрымцы сем“яў. Уклад сясцёр у жыццё парафіі вельмі значны: малітоўная апека, праца ў касцёле, катэхітычныя заняткі, праца ў «Святліцы», удзел у пілігрымках, летніках, падрыхтоўка дзяцей і моладзі да конкурсаў.
Парафіяне сардэчна падзякавалі сёстрам за ахвярнае служэнне, уручылі букеты белых ружаў.
З віншавальным словам да юбілярак звярнуўся старшыня Глыбоцкага райвыканкама Пётр Белусь.
Няхай жа і надалей служэнне сясцёр францішканак Сям“і Марыі будзе плённым на хвалу Пана Бога, няхай будуць новыя пакліканні да кангрэгацыі!
Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота
Вялікі фотарэпартаж па спасылцы >>