«Заставайцеся сябрамі Езуса»: урачыстасць Першай Камуніі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 25.05.2026 10:34
24 мая 2026 года, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у касцёле Святой Тройцы адбылася Першая Святая Камунія. Да сакраманту Эўхарыстыі прыступілі 62 дзіцяці.
Падрыхтоўка да гэтага дня вялася два гады пад кіраўніцтвам сястры Ганны Блышко. Напярэдадні Першай Камуніі, 23 мая, дзеці прыступілі да сакраманту пакаяння.
Святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч, які і ўдзяліў дзецям Першую Камунію.
У гаміліі кс. Мікалай звярнуўся да дзяцей з напамінам пра сяброўства з Езусам: «Заўсёды заставайцеся сябрамі Езуса. Каб праз некалькі год, калі будзеце выпускнікамі, мы пабачылі, колькі сяброў засталося».
Асобную частку прамовы святар прысвяціў бацькам, асабліва тым, хто рэдка практыкуе веру. Ён заклікаў татаў зрабіць сабе пастанову: штонядзелю быць на Імшы. «Такім чынам вы адкрыеце наноў свае адносіны з Езусам і таксама станеце Яму сябрам», — звярнуўся кс. Мікалай да бацькоў.
Пасля Імшы бацькі першакамунійных дзяцей выказалі падзяку святарам і сёстрам за падрыхтоўку дзяцей і арганізацыю свята.










































