в. Дзеркаўшчына

     20090705160955 smlКасцёл у Дзеркаўшчыне пад назвай Унебаўшэсця Пана Езуса пачалі будаваць 7 мая 1822 г. з каменя і цэглы. Сёння - гэта помнік архітэктуры. Памеры святыні – 25 м у шырыню і 40 м у даўжыню – сведчаць аб стараннасці парафіянаў, якія хацелі мець свой уласны вялікі касцёл. Абнесены бутавай агароджай з двух’яруснай чатырохграннай мураванай званіцай пад шатровым дахам і арачнай брамай. У падмурак умураваны мемарыяльны камень з надпісам: “Лявон сын Казіміра Дамейка памёр 1845 ліпеня 29 на 78 годзе жыцця”.

    Вырашаны прамавугольным, у плане кампактным, аб’ёмам пад двухсхільным дахам. Галоўны фасад падкрэслены чатырохкалонным порцікам з трохвугольным франтонам. На фоне паліхромавай бутавай муроўкі сцен вылучаюцца атынкаваныя і пабеленыя дэталі архітэктурнага дэкору: карнізы, ліштвы лучковых і арачных праёмаў, пілястры. Унутры алтарная перагародка і прасценкі вылучаюць памяшканні апсіды і бакавых сакрысцій.

     Парафія паўстала ў XIX стагоддзі і магла б называцца Азярэцкай, таму што большую яе частку займае возера Сэрвач (7 км даўжыні і 3 км шырыні). Да знішчэння касцёла падчас Другой сусветнай вайны былі выкарыстаны вязні з Беразвечча.

     У 1989 г. касцёл быў аддадзены вернікам, а 15 мая 1990 г. пасля адбудовы быў пасвечаны кс. арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Пры мяжы парафіі знаходзіцца вёска Хрыстова, у якую пасля касацыі закона езуітаў царыца Кацярына скіравала членаў гэтага ордэна. Але, калі Апостальская Сталіца дазволіла існаваць ордэну ізноў, царыца ў 1814 г. выгнала іх з гэтай вёскі.

Цяпер пробашчам парафіі з'яўляецца кс. Андрэй Кулік.

10 мая 2015 года парафія адсвяткавала 25-годдзе аднаўлення святыні.

1-8 мая 2016 года ў парафіі прайшлі святыя Місіі

Дадатковая інфармацыя