г.п. Падсвілле
- Падрабязнасці
- Апублікавана 04.02.2013 14:12
Першы драўляны касцёл у Падсвіллі быў пабудаваны ў 1930 г. Св. Імшу адпраўляў кс. Міхаіл Бобрык, які даязджаў з Бабруйшчыны. У 1937 г. у Падсвіллі была створана парафія Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса.
Душпастырам у той час быў кс. Сладзінскі, а з 1940 г. працаваў кс. Макрэцкі. У 1946 г. камуністычнымі ўладамі касцёл быў зачынены. Спачатку з яго зрабілі клуб, пазней склад для збожжа, а потым склад для патрэбаў ільняной фабрыкі.
Католікі ездзілі на св. Імшу ў Задарожжа ці Глыбокае. У 1984 г. касцёл быў разбураны поўнасцю і яго разабралі на ацяпленне хат.
Айцец Люцыян Паўлік, пробашч Задарожскі, гледзячы з болем у сэрцы на варварскія адносіны да святыні, паабяцаў, што пабудуе новы касцёл.
Спачатку быў пастаўлены крыж на адной з вуліц. Каля яго маліліся людзі. Потым улады выдзелілі адзін пакой у дзіцячым садку. У гэтым пакоі пасля таго, як адбыўся рамонт, вернікі маліліся. Але там было цесна. Таму быў куплены будынак, у якім калісьці знаходзіўся магазін, і ў ім зрабілі капліцу. У 2000 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла. Католікаў у Падсвіллі і ваколіцах каля тысячы, але практыкуючых толькі каля 300 асоб. Гэта даволі суцяшальныя лічбы, калі ўлічыць, што ў Падсвіллі амаль 50 гадоў не было касцёла.
У 2004 г. новы касцёл ужо быў накрыты дахам, а таксама пачаліся працы ўнутры святыні. Стараннямі кс. Андрэя Куліка, які быў там пробашчам, паспяхова праведзена ўнутраная атынкоўка і пафарбоўка касцёла.
Штогод з Друі праз Падсвілле праходзіць пілігрымка ў Будслаў, якая налічвае 200 чалавек. На начлег пілігрымы затрымліваюцца ў Падсвіллі.
Да 2018 года пробашчам парафіі быў кс. Аляксандр Дулінец. На працягу 2018 года парафію абслугоўваў кс. Эдвард Нарадоўскі.
Згодна з дэкрэтам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча кс. Віталь Бяленік ад 3 сакавіка прызначаны пробашчам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Падсвіллі.