Сёстры Францішканкі Сям'і Марыі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 04.02.2013 16:51
- Супольнасць Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі ў Глыбокім
- Гісторыя паўстання Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі.
Супольнасць Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі ў Глыбокім
Сёстры Супольнасці распачалі сваю працу ў Глыбокім напрыканцы 1990 г. Першай у парафію з Польшчы прыехала с. Альжбета Венерская. Менавіта з яе дзейнасцю звязаны пачаткі існавання Супольнасці Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі ў Глыбокім. Перыядычна на дапамогу прыязджалі сёстры: с. Гэнавэфа Качмарчык, с. Тэрэса Алесік, с. Эліза Міхалоўская, с. Рэгіна Пабядзінская, с. Ірэна Закшэўская, с. Хэнрыка Вуйцік, с. Аліцыя Гілевіч, с. Малгажата Паштэтнік.
Ужо ў 1992 годзе пачалі з’яўляцца мясцовыя пакліканні да манаскага жыцця ў Супольнасці. Гэты працэс, дзякуючы малітвам вернікаў парафіі і дзейнасці Духа Святога, не спыняецца і па сённяшні дзень. Парадак уступлення ў Супольнасць кандыдатак наступны:
1992 – с. Людміла Рубніковіч (Глыбокае)
1995 – с. Вераніка Дземідовіч (Дзеркаўшчына)
с. Анна Блышко (Гірстуны)
с. Таццяна Данч (Глыбокае)
1996 – с. Марыяна Гроць (Глыбокае)
1998 – с. Ірына Раманчук (Пятроўшчына)
2006 – с. Лена Сурвіла (Альховікі)
Кляштар Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі ў Глыбокім месціцца ў новым будынку, які стараннямі тагачаснага пробашча кс. Кірыла Клімовіча быў збудаваны на месцы старой плябаніі. Будаўніцтва кляштара было скончана ў 2002 годзе. Асвячэнне будынка адбылося 3 студзеня 2003 г.
На сённяшні дзень у кляштары жывуць і працуюць 3 сястры. Гэта с. Анна Блышко, с. Людміла Рубніковіч, с. Ірына Яшчышын.
Касцёл на Беларусі перажывае хвалю свайго адраджэння і ўжо можа дзяліцца з іншымі партыкулярнымі Касцёламі сваімі пакліканнямі. Радуе тое, што Супольнасць Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі ў Глыбокім ахвярна прадставіла дзеля працы за мяжой сваіх сясцёр. Такім чынам на хвалу Божую па-за межамі Беларусі і на Радзіме ў беларускіх кляштарах працуюць сёстры:
Іркуцк (Расія) – с. Вераніка Дземідовіч
Тбілісі (Грузія) - с. Лена Сурвіла
Рым (Італія) - с. Ірына Раманчук
Варапаева (Беларусь) – с. Марыяна Гроць
Варапаева (Беларусь) – с. Таццяна Данч
Гісторыя паўстання Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі.
Кангрэгацыя бярэ свой пачатак з кляўзуровага закона, які быў заснаваны кс. Канстанцінам Лубенскім – блізкім сябрам Заснавальніка Сям’і Марыі - кс. Зыгмунта Фелінскага. Кс. Зыгмунт у той час працаваў у Касцёле Св. Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу.
Царскі ўрад досыць негатыўна адносіўся да развіцця Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі імперыі. Доказам таго з’яўляецца ліквідаванне ўсіх навіцыятаў як у жаночых, так і ў мужчынскіх кляштарах. Той, хто хацеў прысвяціць сваё жыцё Богу, вымушаны быў выехаць за мяжу. На жаль, не ўсе мелі такую магчымасць. Кс. Канстанцін Лубенскі даўно хацеў заснаваць супольнасць, якая б нагадвала манаскае жыццё, тым больш, што жадаючых было шмат (у асноўным гэта былі жанчыны, якіх кс. Лубенскі спавядаў). Так ён і зрабіў.
28 верасня 1856 года адбылася Св. Імша з удзелам Апостальскага Нунцыя. Пасля яго благаслаўлення першыя сёстры распачалі манаскае жыццё. Галоўнай мэтай новай кангрэгацыі была малітва, але сёстры таксама займаліся беднымі сіротамі.
Кс. Канстанцін апекаваўся сёстрамі і духоўна, і матэрыяльна. Але ў лістападзе таго ж года ён павінен быў неадкладна выехаць з Пецярбурга, і апеку над новай кангрэгацыяй кс. Лубенскі даверыў кс. Зыгмунту Шчэнснаму Фелінскаму. Для новай манаскай сям’і настаў час выпрабаванняў. Кс. Зыгмунт мог забяспечыць сясцёр апекай духовай, але дапамагчы матэрыяльна не мог. Дзякуючы Божаму Провіду і добрым людзям, манаская сям’я паспяхова развівалася. Спачатку гэта быў дом для дзяцей-сірот, а пасля сёстры прынялі пад сваю апеку таксама старых, самотных і пакінутых.
Кс. Канстанцін вярнуўся ў Пецярбург у маі 1857 г. і застаў новую манаскую сям’ю ў росквіце. На той час было чатыры сястры. Дарэчы, адна з іх, с. Фларэнтына Дымман, паходзіла з-пад Віцебска. У той час 2 сястры пачалі прыпамінаць кс. Лубенскаму аб тым, што галоўнай мэтай іх манаскага жыцця павінна быць малітва, а не апека над дзецьмі і старымі. Дзве ж іншыя сястры былі цалкам задаволены сітуацыяй і хацелі далей спалучаць малітву з паслугай патрабуючым. Такім чынам сёстры раздзяліліся: 2 засталіся з кс. Лубенскім і жылі паводле першапачатковага парадку, а дзвюх, с. Фларэнтыну Дымман і с. Анэту Мальцэр, узяў пад сваю апеку кс. Зыгмунт, які вельмі хацеў дапамагчы бедным дзецям. 27 снежня 1857 г. – Сям’я Марыі пад кіраўніцтвам кс. Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага афіцыяльна пачынае сваё існаванне. Кс. Зыгмунт хацеў, каб сёстры жылі як сапраўдная сям’я, працавалі, верылі моцна ў Божы Провід і цалкам прысвяцілі сваё жыццё Богу і апецы над патрабуючымі. Новая манаская сям’я не магла існаваць адкрыта ў той час, таму людзі спачатку ведалі яе пад назвай “Прытулак для ўбогіх каталіцкай веры”. Сёстры апраналіся па-свецку і працавалі ў прытулку ў якасці настаўніц.
У вельмі цяжкія для Каталіцкага Касцёла часы, калі замыкаліся касцёлы, ліквідаваліся кляштары, а святары часта цярпелі рэпрэсіі ад царскага ўрада, як кволая кветка, пачынае існаваць новая Кангрэгацыя, якая несла з сабою агеньчык надзеі ў будучыню Каталіцкага Касцёла не толькі ў Расіі, але і за яе межамі. У Санкт-Пецярбургу ў час развіцця Сям’і Марыі не было ніводнага жаночага кляштара. Сям’я Марыі вельмі хутка і паспяхова развівала сваю дзейнасць не толькі ў самім Пецярбургу (напр. на Васільеўскім Востраве), але і па-за яго межамі. Адзін з самых вялікіх дамоў насіў назву “Мікалаеўка” і знаходзіўся непадалёк ад Пецярбурга над Нявой. Сёстры з дзецьмі і старэйшымі ездзілі туды летам на адпачынак. Пазней быў заснаваны дом у Ялце. Кароткі час сёстры працавалі таксама ў Сімферопалі і Севастопалі, а таксама ў Морыба (Данія). У 1862 годзе кс. Зыгмунт атрымаў намінацыю Арцыбіскупа Варшаўскага і пакінуў Санкт-Пецярбург. Дзякуючы яго старанням, у хуткім часе сёстры распачалі сваю дзейнасць і на тэрыторыі Польшчы. Першы дом паўстаў на вул. Жэлязнай (цяперашні галоўны Дом кангрэгацыі), а пасля таксама многа іншых. У 1863 годзе Арцыбіскуп Фелінскі быў сасланы царскім урадам у Сібір за тое, што абараняў пакрыўджаны народ. Адбыўшы дваццацігадовае выгнанне, ён ужо не мог вярнуцца ў сваю дыяцэзію, таму пасяліўся ў маленькай вёсачцы Дзвінячцы (цяпер Украіна). Пачалі паўставаць новыя дамы і на Украіне. Спачатку ў Чарнёўцах, дзе сёстры заснавалі школу з інтэрнатам, швальню і педагагічную семінарыю. Пасля падобныя дамы паўсталі ў Дзвінячцы і ў іншых месцах, а таксама на тэрыторыі цяперашняй Малдовы. У 1905 г. сёстры выехалі ў Бразілію, каб і там несці сваю дапамогу патрабуючым. У 1906 г. пасля смерці М. Фларэнтыны Дымман, першай Маці Генеральнай, Сям’я Марыі далучылася да Сясцёр-Місіянерак Марыі, што не было на карысць маладой манаскай сям’і, тым больш што харызматы ў дзвюх кангрэгацыях былі вельмі розныя. Сёстры страцілі 10 дамоў на Усходзе і шмат пакліканняў. У 1913 годзе Сям’я Марыі зноў пачала існаваць самастойна. Ад таго часу Сям’я Марыі паспяхова развівалася. З году ў год павялічвалася лічба сясцёр, паўставалі новыя дамы і на сённяшні дзень Кангрэгацыя Сясцер Сям’і Марыі налічвае каля 1200 сясцёр, якія працуюць у Расіі, Беларусі, Польшчы, Украіне, Італіі і Бразіліі.