в. Удзела
- Падрабязнасці
- Апублікавана 04.02.2013 16:09
Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны існуе ў Удзеле ад 1727 г. Пабудаваны касцёл ордэнам францішканаў у 1740 г. Касцёл – трохнефавая двухвежавая мураваная базіліка. Цэнтральны падоўжаны неф завершаны паўкруглай апсідай з бакавымі сакрысціямі. Барочнай пластычнасцю і дынамічнасцю вылучаецца галоўны фасад з хвалістымі згібамі плоскасцей, пілястраў, крапаваны арачнымі і квадратнымі нішамі. Пры перабудове касцёла ў 1837 г. былі ліквідаваны бакавыя вежы і фігурны шчыт паміж імі. Яны былі заменены вялікім трохвугольным франтонам, які парушыў як кампазіцыйную цэласнасць будынка, так і яго першапачатковую барочную характарыстыку. Бакавыя і тыльны фасады вырашаны больш сціпла – рытмічна расчлянёны фігурнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках. У інтэр’еры нефы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках і распалубках. Над уваходам размешчаны выгнуты парапет арганнай галерэі. Сцены і міжнефавыя слупы крапаваны карнізнымі паясамі, іанічнымі канеліраванымі пілястрамі. Дэкаратыўная трактоўка інтэр’ера пры перабудове 1837 г. вытрымана ў стылі класіцызму. У той жа час і ў тым жа стылі перад касцёлам узведзенамураваная чатырохгранная двух’ярусная брама-званніца.
Кляштарны корпус вырашаны двухпавярховым П-падобным у плане будынкам, які быў злучаны з касцёлам калідорам (захавалася адно крыло, іншыя разабраны ў 1882 г.).
Пасля касацыі кляштара царскімі ўладамі ў 1851-1948г.г. у парафіі працавалі дыяцэзіяльныя святары. У 1948-1989г. з касцёла быў зроблены склад, а ў плябаніі была школа. Дзякуючы старанням парафіянаў, касцёл быў вернуты парафіянам у 1989 г. Пад кіраўніцтвам ксяндза прэлата Юзафа Булькі святыня і плябанія былі адрамантаваны.
У 1989-2000 г. душпастырскую апеку над парафіяй праводзіў кс. прэлат Юзаф Булька, пробашч з Мосара. Ён зрабіў вялікі ўклад у духоўнае і матэрыяльнае аднаўленне парафіі.
На тэрыторыі парафіі знаходзіцца філіяльная капліца ў Пятроўшчыне. Будынак пад капліцу быў перададзены ўладамі мясцовага калгаса. Пасля рамонту будынак быў перароблены на рэкалекцыйны дом. Тут праводзяцца дзіцячыя летнікі і моладзевыя рэкалекцыі.
У 2000 г. айцы францішкане вярнуліся працаваць у парафію. Асаблівай адметнасцю для турыстаў і гасцей парафіі стала рухомая батлейка, якую стварылі новыя руплівыя гаспадары. У падвальным памяшканні касцёла дзейнічае музей, прысвечаны місіянерскай дзейнасці айцоў францішканаў. У 2002 г. на тэрыторыі касцёла адкрыты помнік Св. Максіміліяну Кольбе.
Цяпер у парафіі працуюць: а. Яраслаў Банасяк OFMConv, а. Вальдэмар Куява OFMConv.
7 снежня 2014 года ў парафіі адкрылі і асвяцілі помнік памяці ненароджаных дзяцей (+відэа).