Гісторыя парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім

     Паўстанне парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім сягае часоў, калі паўночная частка горада належала ваяводзе мсціслаўскаму і старасту дзісненскаму Юзафу Корсаку. Гэты ўладальнік, робячы запіс на кляштар аа.Кармелітаў Босых у Глыбокім, забавязаў іх, каб "свецкага святара дзеля адміністравання ўтрымлівалі, а ён павінен быць для айцоў ва ўсім subjectus (падлеглы) і не можа сабе прыўлашчваць nomen parochi, і назначаю яму заробак 200 коп літоўскіх і правізію (жыта 12 бочак, соладу 7, ячменю 1, пшаніцы 1,5 і аўса 7), што павінны яму сяляне штогод даваць". Зрэшты, такую самую ўмову Корсак паўтарае ў 1642г.: “Кармеліты павінны свецкага святара грашыма, збожжам і іншымі сродкамі жывіць... А каб не выйшла, што Плябан Глыбоцкі з рук Кармелітаў корміцца, каб пазбегчы спору, плябанію фундую, […] касцёл і памяшканне для ксяндза найдалей праз паўтары года паставіць абавязваюся. На касцёл і плябана запісваю Залессе (і Дзмітраўшчыну), […] дзеля чаго за душу маю perpetuis temporibus штотыдня ў дзень будні Святая Імша адпраўлена быць павінна.”

    Згодна з вышэй узгаданым тэстаментальным запісам, парафіяльны касцёл пад назвай Святой Тройцы быў збудаваны і асвечаны 16 красавіка 1643 г. Быў ён пастаўлены Кармелітамі Босымі, якія атрымалі на патрэбы будаўніцтва сродкі ад Корсака. Касцёл быў драўляны, у выглядзе лацінскага крыжа. Меў 2 вежы і 2 невялічкія званы, а таксама разлеглы хор, цагляную падлогу і 8 вокнаў. Унутры было 19 лавак. Што тычыцца колькасці парафіянаў, то “сем’яў шляхты, што жывуць па суседству і юрыдычна належаць да касцёла, ёсць больш-менш 30, якія, аднак, рэдка альбо зусім не маюць звычаю прымаць удзел у набажэнствах, бо з’яўляюцца магнатамі і ў большасці маюць асабістых капеланаў. Сем’яў плебейскіх каталіцкіх ёсць у горадзе 40, усе астатнія з’яўляюцца Русінамі грэцкага абраду.” Гэтая інфармацыя паходзіць з візітацыйнага акта ад 17 чэрвеня 1654 г. Гэты акт быў састаўлены за два тыдні перад наездам маскалёў, якія і спалілі гэты касцёл.

     У той час у Глыбокім існаваў яшчэ адзін парафіяльны касцёл пад назвай Святога Міхала. Ён знаходзіўся ў Зяновічавай частцы. Меў ён сваіх парафіянаў – частку жыхароў Глыбокага, а сам стаяў на тэрыторыі Віленскага ваяводства, у той час, як касцёл Святой Тройцы знаходзіўся ў ваяводстве Полацкім. Так у адным горадзе, які быў падзелены на дзве часткі адпаведна сваіх уладальнікаў і прыналежаў да двух ваяводстваў, існавалі дзве парафіі і два рымска-каталіцкія касцёлы (не ўлічваючы кармелітанскага касцёла).

     
20090528014710 sml     Кс. Ян Курчэўскі ў сваёй кнізе 
“Віленскае біскупства” успамінае, што пасля маскальскага нападу ў 1654 годзе парафіяльны касцёл адбудавалі ў якасці драўлянага будынка. Далейшыя дзеі касцёла невядомыя. Толькі ў ХVIII ст. касцёл быў перабудаваны на мураваны. Справу гэтую распачаў тагачасны пробашч кс. Антоні Яшчолт, які памёр раптоўна ў 1782 годзе, давёўшы будаўніцтва толькі да ўзроўню вокнаў. У гэтым жа годзе ягоны наступнік кс. Міхал Федаровіч закончыў перабудову. Гэты новы касцёл меў дзве вежы, галоўны алтар і два бакавыя алтары, мураваную падлогу і склеп з 12-ці катакомбаў, што цягнуліся пад усім касцёлам. Касцёльная хроніка гаворыць, што ў 1851 годзе гэты ж парафіяльны касцёл, які стаяў у кармеліцкай частцы Глыбокага (Корсак запісаў у тэстамэнце кармелітам сваю частку горада), меў два філіялы: у Мамаях і ў Дзмітраўшчыне.

     Варта дадаць, што пробашч цесна супрацоўнічаў з Кармелітамі Босымі, каторыя, у сваю чаргу, ва ўсім падтрымлівалі плябана. Аднак пасля паўстання Каліноўскага Кармеліты Босыя павінны былі пакінуць Глыбокае па прычыне касацыі кляштара. 8 сакавіка 1862 года мясцовыя манахі перафармавалі свой ордэнскі касцёл у філіял парафіяльнага касцёла і далучылі да яго 840 вернікаў. Такім чынам кармеліты засталіся ў Глыбокім яшчэ на некалькі гадоў. Толькі ў 1865 годзе пад націскам захопніцкіх уладаў біскуп Красінскі зачыніў гэты “самавольна” сфармаваны філіял. І тады Кармеліты Босыя пакінулі Глыбокае, не вярнуўшыся сюды ўжо ніколі. У гэтым жа часе з кармеліцкага касцёла ў парафіяльны касцёл былі перанесены цудадзейны абраз Маці Божай Падхорнай і фігура Езуса Церпячага, якая 10 жніўня 1763 года ад 17.00 да 22.00 міраточыла.

     У 1902 годзе пачалася грунтоўная перабудова касцёла, якая скончылася ў 1908 г. У выніку гэтых прац святыня павялічылася коштам бакавых нефаў і прэзбітэрыя. Таксама былі дабудаваны вежы. Новыя часткі касцёла асвяціў у 1908 годзе кс. Ян Курчэўскі, прэлат Віленскай Капітулы і вядомы гісторык. 

     
20090528015039 sml     Трэба адзначыць, што пасля паўстання Кастуся Каліноўскага існавала забарона на любы рамонт рэлігійных памяшканняў, што належалі вернікам рымска-каталіцкага абраду. Але глыбоцкі касцёл так спадабаўся Імператарскай Архітэктурнай Камісіі, што яна не толькі дазволіла зрабіць доўгачаканы рамонт, але і пагадзілася на дабудову аб’екта.

      На адной з калонаў у гэтым касцёле знаходзіўся партрэт Ю. Корсака, фундатара святыні. Але, на жаль, у 1905 г. ён быў прададзены і вывезены з Глыбокага. Апошні раз яго бачылі ў Варшаве ў 1932 годзе, а сёння, магчыма, ён знаходзіцца ў адной з прыватных калекцый у Злучаных Штатах. Наконт аўтара партрэта вядома толькі тое, што гэта быў мастак не з апошніх талентаў.

     Ужо ў тыя часы касцёл пад назвай Святой Тройцы пачаў функцыянаваць, як цэнтр дэканата. Немалаважна, што ў 1931 годзе ў Глыбокім праходзіў Эўхарыстычны Кангрэс. А за год да гэтага горад ушанаваў сваім візітам Юзаф Пілсудскі, які таксама маліўся ў глыбоцкай святыні.

     21 жніўня 1934 года ў Глыбокае прыехалі сёстры-непакалянкі (з Ордэна, які заснавала бл. Марцэліна Дароўская): с. Юзафіна, с. Анеля, а ў наступным годзе – с. Тадэя Касцюшка ў якасці начэльнай. У Глыбокім яны заснавалі сваю місійную пляцоўку на тэрыторыі парафіі Святой Тройцы. Сёстры цесна супрацоўнічалі з пробашчам і дэканам кс. Антоніем Зянкевічам. Іхняя сумесная дзейнасць прыносіла багаты плён. Пацверджаннем гэтаму можа быць пахвала кс. Арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, скіраваная да дэкана і сясцёр. Ён сцвярджаў, што гэтая парафія ёсць “адной з першых не толькі на Крэсах”. Немалаважны і той факт, што с. Тадэя атрымала Сярэбраны Крыж Заслугі за працу ў галіне культуры і адукацыі, а таксама ў грамадстве наогул. Такая дзейнасць сясцёр надоўга ўпісалася ў сэрцы парафіян, жыве ў памяці і па сённяшні дзень.

     Сястра Тадэя памерла 25 чэрвеня 1946 года, застаючыся самай знакамітай катэхеткай у гісторыі парафіі. Яна была пахаваная на глыбоцкіх могілках, а само пахаванне было адным з самых журботных пахаванняў у парафіі.

     З пачаткам панавання камуністаў сёстры павінны былі пакінуць Глыбокае. Засталася толькі с. Элеанора, якая не хацела пакідаць дэкана Зянкевіча, які, зрэшты, быў цяжка хворы. Апекавалася ім аж да ягонай смерці ў 1951 годзе, пасля чаго яе прымусілі з’ехаць.

       Пасля смерці дэкана кс. Антонія Зянкевіча, пробашчам быў кс. Пэрка. Затым яго перавяялі ў парафію ў в. Далёкія (Браслаўскі р-н), а кс. Юзафа Францкевіча ў Глыбокае з Далёкіх. Ён быў глыбоцкім пробашчам да 1985 г. У часы панавання таталітарнага рэжыму дапамагала яму с. Людвіка, безгабітовая францішканская тэрціярка, якую людзі ведалі як ахвярную і руплівую памочніцу ў службе бліжнім. Можна сказаць, што яна прысвяціла сябе і сваё жыццё цалкам дзеля духоўнага адраджэння парафіі. Пры кс. Юзафе было тры рамонты. Была ўзведзена новая крыша, праведзены генеральны рамонт касцёла з афарбоўкай звонку і знутры.

     Затым у 1987 годзе пробашчам парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім стаў кс. Уладзіслаў Завальнюк. Ён служыў у парафіі да 1990 г. Кс. Уладзіслаў працягнуў генеральны рамонт парафіяльнага касцёла. Кс. Кірыл Клімовіч (быў пробашчам у 1990-1999 гг.), цяперашні біскуп, Ардынарый Іркуцкі, распачаў будаўніцтва парафіяльнага дома, злучанага з кляштарам Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі, якія ўжо ад 1990 года знаходзіліся ў Глыбокім.

     Першай прыехала ў Глыбокае с. Альжбета Венерская, якая займалася катэхізацыяй дзяцей і клапацілася аб парадку ў святыні. Напэўна, дзякуючы яе сведчанню жывой веры ў глыбоцкай парафіі з’явіліся шматлікія пакліканні да жыцця ў манаскай супольнасці Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі.

     
     Пасля кс. Кірыла Клімовіча на нядоўгі час (07.2000 – 10.2000) пробашчам парафіі стаў кс. Пётр Врубэль. Рамонт касцёла закончыў кс. Кшыштаф Вітвіцкі (пробашч парафіі ў 2000 – 2003 гг.) Наступныя чатыры гады (2003 – 2007 гг.) пробашчам быў кс. Кшыштаф Мікалайчык, які ўвайшоў у гісторыю парафіі як адзін з найлепшых яе душпастыраў. 2007-2015 гг. - пробашчам парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім і дэканам Глыбоцкага дэканата быў кс. Мечыслаў Янчышын. З 28 чэрвеня 2015 года пробашчам парафіі з'яўляецца кс. Мікалай Ціхановіч, а з 11 лістапада 2015 года - дэканам Глыбоцкага дэканату.


    Глыбоцкая парафія налічвае сёння 4000 вернікаў.

Агульная статыстыка Глыбоцкай парафіі па стану на люты 2016 года

Культавая архітэктура Глыбоччыны