в. Празарокі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 04.02.2013 15:13
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Празарокі пабудаваны ў 1899 – 1907 гг. з цэглы. Закрыты ў 1950 г., адкрыты 29 чэрвеня1989 г.
Першы драўляны касцёл у Празароках быў пабудаваны ў 1698 г., зафундаваў яго полацкі магнат Юстын Шчыта. Ужо тады парафія і касцёл у Празароках былі пад назвай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. Касцёл, а таксама дабудаваны да яго кляштар францысканцаў былі з дрэва. На пачатку XVIII ст падчас пажару кляштарны комплекс згарэў. У 1721 г. на яго месцы смаленскі падхаружы Павел Корсак сфундаваў новы касцёл і кляштар ў Празароках. У 1797 г. парафія была перададзена францысканцам. Пасля ліквідацыі кляштара ў 1832 г. парафія перайшла да дыяцэзіяльных святароў.
14 жніўня 1892 г. у вёсцы выбухнуў пажар, які знішчыў касцёл і ўсе прыкасцельныя будынкі – званіцу і два будынкі плябаніі. У лістападзе таго ж года быў атрыманы дазвол віленскага губернатара на аднаўленне ў Празароках плябаніі і будаўніцтва часовага малітоўнага памяшкання. У 1896 г. з Вільні быў атрыманы дазвол на будаўніцтва новага касцёла ў Празароках.
Парафія пачала існаваць 4 сакавіка 1897 г., а 12 жніўня 1899 г. быў пасвечаны біскупам Звяровічам краевугольны камень пад пабудову касцёла. Касцёл быў пабудаваны пад кіраўніцтвам пробашча кс. Дамініка Друктэйна ў 1899-1907 гг. 14 кастрычніка 1907 г. адбылася кансэкрацыя касцёла.
З'яўляўся парафіяльным касцёлам аж да 1950 г., пасля быў забраны камуністычнымі ўладамі і прызначаны на склад для збожжа. Кс. пробашча Варшау арыштавалі і пасадзілі ў вязніцу. Калі касцёл перайшоў ва ўласнасць калгаса, усё ў ім было знішчана. Праз 39 гадоў, у 1989 г., святыня была аддадзена празароцкім парафіянам.
Рамонт знішчанага касцёла распачаў кс. пробашч Люцыян Паўлік. І ўжо праз год аднавіў святыню. У 1990 г. касцёл быў зноў пасвечаны і прызначаны пад сакральныя мэты.
Год пробашчам быў кс. Яўгеній Хук, з 1990 па 1994 г. – кс. Робэрт Крывіцкі, а пасля яго зноў кс. Люцыян Паўлік. У 1996 г. новым пробашчам парафіі Празарокі быў прызначаны кс. Казімір Акушка.
Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Трохнефавы двухвежавы базілікавы храм з пяціграннай апсідай і бакавымі сакрысціямі накрыты двухсхільным дахам, вальмавым над алтарнай часткай. Кантрастнае спалучэнне вялізных плоскасцей з адносна невялікімі арачнымі вокнамі, адсутнасць краповак, акрамя шэрага гарызантальна працяглых карнізаў выклікаюць адчуванне цяжкасці архітэктурных форм. Карнізы візуальна стрымліваюць вертыкальны рух бакавых шмат’ярусных чатырохгранных вежаў з шатровымі пакрыццямі. Статычнасць фасада ўзмацняецца шырокай цэнтральнай плоскасцю, завершанай двухсхільным шчыпцом і расчлянёнай толькі цэнтральным арачным уваходным праёмам і трайным акном над ім.
У інтэр’еры плоская столь размалявана ілюзорнымі кесонамі; над уваходам размешчана галерэя – “арганны праспект”.
Цяпер пробашчам парафіі з'яўляецца кс. Дзмітрый Рацько.