в. Задарожжа
- Падрабязнасці
- Апублікавана 04.02.2013 14:38
Парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у Задарожжы быў пабудаваны ў 1910 г. з цэглы ў неагатычным стылі. Ягоныя памеры: 44x26x20м. Пасвечаны 26 кастрычніка 1910 г. ксяндзом Антоніем Валентыновічам.
Вялікі мураваны будынак пануе сярод нізкапавярховай сядзібнай забудовы. Асноўны трохнефавы аб’ём храма накрыты высокім двухсхільным дахам, а вальмавае пакрыццё больш нізкай пяціграннай апсіды і шатры-шпілі двух вежаў галоўнага фасада фарміруюць дынамічна нарастаючы сілуэт і ярусную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю будынка. Яе яшчэ больш падкрэсліваюць нізкія бакавыя сакрысціі з аднасхільным пакрыццём. Нягледзячы на тое, што ў архітэктуры касцёла выкарыстаны формы готыкі – стральчатыя высокія вокны і ступенчатыя контрфорсы, агульная кампазіцыя храма не набыла дынамічнай вертыкальнай рухомасці, канструкцыйнай аблегчанасці, якасцей, характэрных для сярэдневяковага гатычнага дойлідства.
Інтэр’ер храма меў “гатычны” характар – прастора расчлянёна на нефы стральчатымі аркадамі на чатырохгранных пілонах, перакрыты стральчатымі скляпеннямі. Перспектыва цэнтральнага нефа завершана неагатычным алтаром, на прадалтарным пілоне навешаны прамавугольны амбон. Над уваходам хоры. Абраз “Маці Божая Беззаганнага Зачацця” (17 ст.), партрэт караля Жыгімонта ІІІ (1601 г.).
Трэба звярнуць увагу, што гэта святыня нават у найцяжэйшыя камуністычныя часы ніколі не была зачынена, таму служыла вернікам увесь час. Варта адзначыць, што з гэтай парафіі паходзяць бацькі першага біскупа Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна.
На тэрыторыі парафіі знаходзіцца капліца св. Антонія на цвінтары ў Прошкаве, за 14 км ад парафіяльнага касцёла. Гэтая капліца пасля рамонту была пасвечана біскупам Кірылам Клімовічам, ардынарыем дыяцэзіі св. Юзафа ў азіяцкай частцы Расіі, які калісьці быў пробашчам у Глыбокім.
Цяпер пробашчам парафіі з'яўляецца кс. Эдвард Нарадоўскі.