Біскуп Алег Буткевіч прыняў біскупскае пасвячэнне ў Віцебскай катэдры

biskup butkevichБіскуп Алег Буткевіч 18 студзеня у Віцебскай катэдры прыняў біскупскае пасвячэнне з рук Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці. Дапаможнымі кансакратарамі на ўрачыстасці былі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічалі на свяце прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і дзяржаўнай улады. З віншавальным пасланнем ад біскупа Віцебскага Дзмітрыя на ўрачыстасць прыбылі прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы.

Папская була


Як вядома, само абвяшчэнне біскупа-наміната адбылося 29 лістапада ў Віцебскай катэдры. Тады гэтае рашэнне Папы Францішка абвясціў Апостальскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроцці. 18 студзеня падчас урачыстасці біскупскіх пасвячэнняў была зачытаная папская була – спецыяльны дакумент на лацінскай мове. Пераклад булы на беларускую мову зачытаў ксёндз-пралат Францішак Кісель.


Папа ў буле напісаў, што біскуп Алег Буткевіч “хвалебнымі здольнасцямі надзелены і ў святых рэчах дасведчаны, быў прызнаны адпаведным, каб ёю [катэдрай Віцебскага Касцёла] кіраваць.”


Абрад пасвячэння ў біскупы надзвычай прыгожы і вымоўны ў сваіх літургічных жэстах і словах. Калі ўявіць сабе, што адбываецца ён раз на дзесяцігоддзі, становіцца зразумела, чаму не гледзячы на зімовую халадэчу столькі шмат вернікаў сабралася ў катдральным касцёле Віцебска.


Ці хочаш?


Любы сакрамант у Касцёле павінен прымацца свабодна і свядома, тым больш - сакрамант пасвячэнняў. Таму адбыўся дыялог біскупа-наміната Алега Буткевіча з галоўным кансакратарам арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці. “Ці хочаш верна і няспынна абвяшчаць Евангелле Хрыста?” “Хачу”, - адказваў кандыдат у біскупы. “Ці хочаш будаваць Цела Хрыста, гэта значыць Касцёл, і быць у еднасці з усімі біскупамі пад кіраўніцтвам наступніка св. Пятра Апостала?” “Хачу!” – гучала ў адказ. “Ці хочаш як добры пастыр шукаць заблуканых авечак, быць міласэрным да ўбогіх, і непарушным захаваць скарб веры?”На ўсе пастаўленыя пытанні біскуп-намінат Алег Буткевіч цвёрда і моцна адказаў “так”.


Дапамога праз стагоддзі


Паводле старажытнага звычаю ў самыя адказныя моманты ў жыцці Касцёла вернікі звяртаюцца па дапамогу нябесных заступнікаў. Гэтая дапамога дзейсная і рэальная, таму што збаўленыя вернікі ўтвараюць Нябесны Касцёл, які таксама з’яўляецца Містычным Целам Хрыста, а значыць непарыўна звязаны з усімі тымі, хто яшчэ ідзе зямной дарогай да збаўлення. Біскупы, святары і простыя вернікі спяваючы разам Літанію да ўсіх святых, маліліся за свайго новага біскупа. Сярод шматлікіх пералічаных імён прагучала і імя далёкага папярэдніка біскупа Алега – святога мучаніка арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча, які загінуў за веру ў Віцебску ў 1623 годзе.


Ускладанне рук і намашчэнне


Самы непасрэдны момант, калі кандыдат становіцца біскупам – гэта момант ускладання рук. Гэты жэст паходзіць ад саміх апосталаў, якія такім чынам у малітве праз дзеянне Духа Святога перадавалі сваю апостальскую ўладу наступнікам. У Віцебскай катэдры жэстам ускладання рук арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, а за ім і астатнія біскупы, перадалі біскупу Алегу апостальскую ўладу. Абрад пасвячэння працягнуўся спецыяльнай малітвай. Адметна тое, што падчас яе над новапасвечаным біскупам дыяканы трымалі разгорнутую кнігу Святога Евангелля. Такім чынам нібы яшчэ раз прыпамінаючы ўсім, што галоўны абавязак біскупа – гэта абвяшчэнне Добрай Навіны пра збаўленне ў Езусе Хрысце.


У сакраманце прэзбітарскіх і біскупскіх пасвячэнняў ужываецца святы алей Хрызма. Адрозненне ў тым, што прэзбітарам намашчаюцца толькі рукі. Біскупу намашчаюць чало, як бы падкрэсліваючы, што гэты выбраны з’яўляецца галавой мясцовага Касцёла. Пасля намашчэння арцыбіскуп Клаўдыё ўручыў біскупу Алегу кнігу Святога Евангелля, кажучы: “Прымі Евангелле і абвяшчай Божае слова з усёй цярплівасцю і ўменнем”.


Персцень, мітра і пастарал


Кожны біскуп адрозніваецца знешне ад святароў біскупскіміадзнакамі. Таму біскуп Алег атрымаў ад Нунцыя персцень на безназоўны палец правай рукі, які з’яўляецца знакам вернасці біскупа і яго ўлады ў Касцёле. Крыху пазней на знак пашаны і паслухмянасці свайму пастыру ўсе святары Віцебскай дыяцэзіі схіліўшы калені пацалавалі персцень біскупа Алега. Мітра – гэта галаўны ўбор, які носяць біскупы падчас Св. Імшы, і які павінен нагадваць ім і ўсім вернікам пра бляск святасці, а таксама пра неўвядальны вянок хвалы, які падрыхтаваў Езус Хрыстус кожнаму верніку. Апрача мітры біскуп Алег атрымаў ад Нунцыя пастарал – посах, які сімвалізуе пастырскую ўладу і азначае, што пастыр павінен быць чуйным і сцерагчы свой статак ад драпежнікаў. Пасля ўручэння адзнак біскуп Алег атрымаў ад кожнага прысутнага біскупа пацалунак супакою, як знак еднасці ўсіх біскупаў Каталіцкага Касцёла.


Мама і Беларусь


Такі ж знак супакою біскуп крыху пазней перадаў і сваім бацькам, якія з дзвюма роднымі сёстрамі біскупа Алега прысутнічалі на свяце. На выключную ролю бацькоў у выхаванні будучага біскупа звярнуў увагу і арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў гаміліі. Ён сказаў, што мама - гэта як беларуская зямля. Яна дала свайму сыну жыццё, малако, мову і культуру. Ён таксама запэўніў, што біскуп Алег не застанецца адзін. З ім будзе ўвесь віцебскі Касцёл: святары і вернікі.


Любіце Касцёл!


Біскуп Алег у заключным слове сказаў прысутным: “Любіце Касцёл! Любіце Касцёл, які нават бывае недасканалы. Яго моц залежыць ад нашай веры. А вера будуецца малітвай, таму маліцеся, браты і сёстры! Маліцеся, каб вера вашых сем’яў, вера дзяцей і моладзі была моцная. Прашу вас за наш Касцёл тут у Беларусі, тут у Віцебску.”


Словы новага біскупа Віцебскага Алега Буткевіча сталі сугучнымі з благаслаўленнем Папы Францішка ў намінацыйнай буле. Святы Айцец зазначыў: “Супакой Хрыста няхай будзе заўсёды з табою і з дыяцэзіяльнай віцебскай супольнасцю на дарагой Нам Беларусі.” Калі Беларусь дарагая Папе-аргентынцу, які ніколі не быў на Зямлі пад белымі крыламі, то тым больш яна павінна быць дарагой кожнаму, хто на ёй нарадзіўся і жыве. Кожнаму верніку, кожнаму католіку.


Перад біскупам Алегам стаіць адказная і няпростая місія: кіраванне дыяцэзіяльнай супольнасцю віцебскага Касцёла. Як ён сам з удзячнасцю зазначыў, шмат ужо зроблена яго папярэднікам біскупам Уладзіславам Бліном. Аднак, будучыня нікому невядомая і яна любіць падкідваць розныя выклікі і сюрпрызы. Так, як зазначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, усім вернікам Віцебшчыны неабходна з’яднацца вакол свайго новага біскупа, каб пад яго апостальскім кіраўніцтвам ісці дарогай збаўлення.


Біскуп Алег у сваім гербе пажадаў змясціць выяву Маці Божай Браслаўскай. Няхай яна апякуецца ўсёй дыяцэзіяй, новым маладым біскупам і кожным вернікам. Тады кожны зможа атрымаць неўвядальны вянок хвалы ў Валадарстве Нябесным. Няхай так станецца, бо такая воля Бога.

 

 

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Каталіцкі Веснік