11 лютага – парафіяльная падзея “Адкрыццё на церпячых людзей”

serdce“… быў хворы і вы адведалі Мяне…”

Мц 25,40

11 лютага адзначаецца Сусветны дзень хворага. Устанавіў яго бл. Ян Павел ІІ 13 мая 1992 г. У той дзень супалі 75-я гадавіна аб’яўлення Маці Божай Фацімскай і 11-я гадавіна замаху на жыццё Вялікага Папы. Свята штогод адзначаецца 11 лютага, калі ў Касцёле ўспамінаюць першае аб’яўленне Маці Божай з Лурда. У 1858 г. у Лурдзе Маці Божая аб’явілася простай вясковай дзяўчынцы Бэрнардэце Субіру.Дзень хворага з’яўляецца напамінам для нас, каб звярнулі асаблівую ўвагу на хворых людзей і заклікае адарыць іх сваёй любоўю і клопатам. У гэты дзень святары ўдзяляюць сакрамэнт намашчэння хворых.

 

У чым сутнасць сакрамэнту намашчэння хворых?


Асноўная мэта гэтага сакрамэнту — надзяліць асаблівай ласкай хрысціяніна, які спазнае рознага роду цяжкасці, выкліканыя хваробай ці састарэлым узростам. «Небяспечна хвораму чалавеку патрэбна асаблівая Божая ласка, каб пад уплывам страху ён не ўпаў духам і, паддаўшыся спакусам, не адступіўся ў веры» («Парадак намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі» пункт 5). Сакрамэнт намашчэння хворых, як кажа Другі Ватыканскі Сабор, прызначаны не толькі для тых, хто знаходзіцца ў канчатковай небяспецы страты жыцця, але адпаведны час прыняць гэты сакрамэнт надыходзіць ужо тады, калі вернікам пачынае пагражаць небяспека смерці па прычыне хваробы або старасці (ККК, кан. 104). Хворы, канечне, павінен быць ахрышчаным вернікам.

 

Згодна з Катэхізісам Каталіцкага Касцёла:

 

  • хворы атрымлівае ласку ўмацавання, супакою і мужнасці, каб пераадолець цяжкасці, выкліканыя станам хваробы, або недамаганні старасці; гэта ласка Духа Святога, які аднаўляе давер і веру ў Бога, умацоўвае ў барацьбе супраць спакусаў злога духа, супраць спакусы роспачы і трывогі перад смерцю; больш за гэта — калі хворы не мог раней скарыстацца з сакрамэнту пакуты, атрымлівае ласку прабачэння грахоў;
  • хворы атрымлівае сілу і дар паглыблення еднасці з мукай Хрыста; ён быццам «кансэкраваны» (выдзелены, прысвечаны), каб прыносіць плён праз прыпадабненне да збаўчай смерці нашага Збаўцы; цярпенне, якое было вынікам першароднага граху, атрымлівае новае значэнне — становіцца ўдзелам у збаўчай справе Хрыста;
  • той, хто прымае сакрамэнт хворых праз з’яднанне з Хрыстом, павялічвае духоўныя даброты Божага Люду — гэта «эклезіяльная» ласка; Касцёл у супольнасці святых заступаецца малітвай за хворага, а хворы, са свайго боку, прычыняецца да святасці Касцёла і да духоўнага дабра ўсіх людзей, калі ахвяруецца праз Хрыста Богу Айцу;
  • праз сакрамэнт намашчэння хворых дапаўняецца распачатая ў сакрамэнце хросту справа нашага прыпадабнення да таямніцы смерці і ўваскрасення Хрыста.

 

Малітва ў цярпенні


Усемагутны вечны Божа, суцяшэнне засмучаных і сіла церпячых, пачуй просьбы тых, хто ў кожным цярпенні да Цябе звяртаецца, каб ўсе яны маглі радавацца, што ў сваіх патрэбах спазналі Тваю міласэрнасць.
Просім Цябе, Пане, выслухай ласкава малітвы свайго люду і, хоць заслужана мы церпім за нашы грахі, выбаў нас праз сваю міласэрнасць дзеля хвалы Імя Твайго.
Божа, Ты знішчыў пыху адвечнага ворага, шатана, праз цярплівасць свайго Адзінароднага Сына, дай нам, просім, з пашанаю разважаць Яго цярпенні, якія Ён з любові да нас вынес, і дапамажы нам так, як Ён, у спакоі духа вытрываць усе перашкоды.
Ойча, калі Ты хочаш, то аддалі ад мяне гэты келіх, аднак не мая, але Твая воля няхай станецца.
Амэн.


serdce1Расклад набажэнстваў на 11 лютага ў нашай парафіі:

Св. Імша ў 10:00 – адказныя 1 і 3 раёны;
Св. Імша ў 12:00 – адказны 4 раён;
Св.Імша ў 16:00 у капліцы бл. Мучанікаў з Беразвечча ў ЦРБ – адказныя Легіён Марыі і валанцёры Caritas;
Св. Імша ў 18:00 – адказны 2 раён. Запрашаем усіх медыцынскіх работнікаў.

 


Заахвочваем усіх вернікаў, каб адкрыліся на церпячага чалавека праз адведзіны яго або малітву з нагоды Сусветнага дня хворых.